ЛЁНДАН. Брытанія выправіць каля тысячы пяцісот вайскоўцаў у якасьці перадавога атраду шматнацыянальных міратворчых сілаў у Афганістане.
Выступаючы сёньня ў Палаце Абшчынаў, міністар абароны Джэфры Гун паведаміў, што сілы накіроўваюцца дзеля дапамогі афганскаму ўраду падтрымаць бясьпеку ў і вакол Кабулу. Але поўная адказнасьць за бясьпеку застаецца за часовым урадам Афганістану.
Гун сказаў, што асноўная частка міратворцаў верагодна пачне разгортвацца напрыканцы месяца – 28 сьнежня, першая група брытанскіх міратворцаў у складзе прыкладна 100 – 200 жаўнераў прыбудзе ў Кабул у канцы гэтага тыдня, калі часовы ўрад Афганістану пачне выконваць свае функцыі.
Гун паведаміў, што вайсковыя дарадцы зь 17 краінаў, якія прапанавалі паслаць сваіх міратворцаў у Афганістан, сустрэліся сёньня ў Лёндане, каб абмеркаваць апошнія дэталі місіі. Разам прымуць удзел у міжнароднай міратворчай акцыі ад трох да пяці тысячаў чалавек.