ВАШЫНГТОН. Тут У Вашынгтоне прад”яўленае першае афіцыйнае абвінавачаньне ў справе тэрактаў 11 верасьня.
У аўторак Генэральны пракурор Джон Эшкрафт прад”явіў абвінавачаньне ў далучанасьці да тэрактаў грамадзяніну Францыі – мараканцу паводле паходжаньня Закарыя Мусаўі.
Мусаўі быў затрыманы ў ЗША 17 жніўня – пасьля таго, як кіраўніцтва адной зь лётных школаў паведаміла ўладзе пра яго падазроныя паводзіны. Тады ён заяўляў інструктару, што жадае навучыцца кіраваць самалётам толькі падчас палёту на зададзенай вышыні, а не пры ўзьлёце і пасадцы.
Паводле матар”ялаў абвінавачаньня, Мусаўі прайшоў падрыхтоўку ў Афганістане – у вучэбным лягэры тэрарыстычнай арганізацыі “Аль-Кайда”.
Эшкрафт заявіў, што справа Мусаўі – яшчэ адзін аргумэнтаваны доказ таго, што за тэрарыстычнымі нападамі 11 верасьня стаіць кіраўнік “Аль-Кайды” Усама бін Лядэн.