НЮ-ЁРК. Гэнэральны сакратар Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў Кофі Анан вітаў пагадненьне пра сфармаваньне Часовага ўраду Афганістану, якога дасягнулі афганскія дэлегацыі ў Боне. Анан заклікаў усіх новых кіраўнікоў краіны зрабіць усё магчымае, дзеля як найхутчэйшага пасьляваеннага аднаўленьня Афганістану. Часовы ўрад начале з адным з пуштунскіх лідараў Хамідам Каразі будзе кіраваць краінай шэсьць месяцаў. Затым былы кароль Афганістану Захір Шах мусіць склікаць раду прадстаўнікоў усіх афганскіх плямёнаў, якая вызначыць новыя прынцыпы дзяржаўнага ладу. Цягам двух з паловай гадоў у Афганістане мусіць быць прынятая канстытуцыя і праведзеныя выбары. У склад Часовага ўраду ўвайшлі 30 асобаў, у тым ліку дзьве жанчыны. Асноўныя пасады міністраў абароны, замежных і ўнутраных справаў занялі прадстаўнікі Паўночнага Зьвязу. Адміністрацыя мусіць афіцыйна распачаць сваю працу 22 сьнежня ў Кабуле.