ПРАГА. Учора працягваліся спробы замяніць рэжым Талібану новым, кааліцыйным урадам Афганістану. Пакістан скасаваў апошнія дыпляматычныя сувязі, якія талібы мелі з астатнім сьветам, закрыўшы амбасаду Талібану ў Ісьлямабадзе.
У Рыме памочнікі былога афганскага караля паведамілі, што абарлі дэлегатаў на канфэрэнцыю ў справе фармаваньня часовага ўраду. Гэтыя дэлегаты сустрэнуцца з прадстаўнікамі Паўночнага альянсу ў Боне на арганізаванай з дапамогай ААН канфэрэнцыі, якая закліканая стварыць паўнамоцную асамблею кіраўнікоў пуштунскай, таджыцкай, хазарскай і ўзбэцкай этнічных групаў Афганістану.
Аднак міністар замежных справаў Паўночнага альянсу Абдула Абдула адрынуў мажлівасьць удзелу памяркоўных талібскіх элемэнтаў у будучым афганскім урадзе.
Брытанскі міністар замежных справаў Джэк Стро сустрэўся ў Тэгеране з Абдулой ды іранскім міністрам замежных справаў Камалем Харазі. Стро заявіў, што перамовы былі канструктыўнымі, і паабяцаў эўрапейскую дапамогу афганскім уцекачам у Іране й Пакістане.
Пазьней Стро прыбыў у Ісьлямабад, дзе ён правядзе сёньня перамовы з пакістанскім кіраўніцтвам наконт сытуацыі ў Афганістане.