ГАЗА. Пяць палестынскіх хлопчыкаў, як чакаецца, будуць пахаваныя сёньня ў паласе Газа. Яны загінулі ўчора ў выніку выпадковага выбуху ізраільскага танкавага снараду, які хлопцы ва ўзросьце 14 гадоў і менш знайшлі на сваім шляху ў школу ў лягеры для ўцекачоў Хан-Юніс. Прадстаўнікі ізраільскае арміі заявілі, што расьсьледуюць гэты інцыдэнт.
Сьмерць дзяцей адбылася ў часе новай спробы Злучаных Штатаў пераканаць ізраільцаў і палестынцаў усталяваць перамір’е й вярнуцца да мірнага працэсу. Два высокапастаўленыя амэрыканскія пасярэднікі – памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША ў справах Блізкага Ўсходу Ўільям Бёрнс і адстаўны генэрал марскіх пехацінцаў Энтані Зіньні – зьбіраюцца паехаць у гэты рэгіён у нядзелю.