Ташкент. Афганскі Паўночны альянс заявіў, што будзе браць удзел у сустрэчы ў Эўропе, дзе будзе абмяркоўвацца форма будучага ўраду Афганістану.
Міністар замежных справаў Паўночнага альянсу Абдула Абдула зрабіў гэтую заяву пасьля перамоваў у Ташкенце з Джэймсам Добінсам, пасланьнікам ЗША у справах Афганістану.
Абдула таксама адказаў на заклікі правесьці сустрэчу па-за межамі Афганістану. Ён заявіў, што некаторыя з прапанаваных месцаў для сустрэчы – Нямеччына, Швайцарыя ці Аўстрыя – ёсьць прымальнымі.
Спэцыяльны пасланьнік ААН Франчэс Вэндрэл, як чакаецца, сёньня сустрэнецца з былым афганскім прэзыдэнтам Бурханудзінам Рабані ў Кабуле, каб абмеркаваць палітычную будучыню Афганістану.
Прадстаўнік ААН у Кабуле Эрык Фальт заявіў, што Паўночны альянс адмаўляецца дазволіць прадстаўнікам гуманітарных арганізацыяў вярнуцца для падрыхтоўкі дапамогі.