Вашынгтон. У ЗША на ранчо прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша ў Тэхасе сёньня будуць працягвацца перамовы паміж амэрыканскім і расейскім прэзыдэнтамі. Учора на перамовах у Белым доме прэзыдэнты вырашылі скараціць ядзерныя арсэналы Расі і ЗША. Буш пракамэнтаваў гэтую пастанову наступным чынам:
(Буш: ) “Цяперашні ўзровень ядзерных сілаў не адпавядае стратэгічным рэальнасьцям. Я паінфармаваў прэзыдэнта Пуціна, што ЗША скароцяць колькасць сваіх ядзерных боегаловак да 1700-2200 на працягу наступнага дзесяцігодзьдзя. Гэты ўзровень адпавядае патрэбам амэрыканскай бясьпекі”.
Пуцін са свайго боку таксама паабяцаў рэзкае скарачэньне ядзерных узбраеньняў:
(Пуцін: ) “Мы прапануем рэзкае скарачэньне ў стратэгічных наступальных ўзбраеньнях – як мінімум ў тры разы – да мінімальнага ўзроўня, неабходнага для захаваньня стратэгічнай раўнавагі ў сьвеце. Нам ужо не патрэбна запалохваць адзін аднаго для таго, каб прыйсьці да паразуменьня”.
Бакі, аднак, не прыйшлі да кампрамісу ў справе амэрыканскай нацыянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны.