Рабані зрабіў гэтую заяву пасьля сутрэчы ў таджыцкай сталіцы з прэзыдэнтам Турцыі. Рабані сказаў, што спадзяецца на дапамогу Афганістану з боку Турцыі ў працэсе адбудовы Афганістану пасьля вайны. Дагэтуль Рабані прасіў сяброўскія дзяржавы пра фінансавую, транспартную й палітычную дапамогу. Рабані не адпрэчвае тыя краіны, якія накіроўваюць вайсковы пэрсанал у Афганістан, але сказаў, што сілаў Паўночнага альянсу дастаткова, каб справіцца з Талібанам.
Прэсавы сакратар турэцкага прэзыдэнта паведаміў, што Турцыя накіруе ў Афганістан адмысловае падразьдзяленьне з 90 асобаў, якое будзе даваць парады й дапамагаць у падрыхтоўцы байцоў Паўночнага альянсу. Прэсавы сакратар дадаў, што Турцыя хацела б бачыць пасьляталібскі ўрад, які прадстаўляў бы ўсе сацыяльныя й этнічныя групы Афганістану, за выключэньнем сяброў руху Талібан, які, паводле ягоных словаў, ёсьць ідэалёгіяй, а не этнічнай групай.