ВАШЫНГТОН. Паведамляецца, што амэрыканская авіяцыя нанесла ўдары па перадавых пазыцыях талібаў у паўночнаафганскай правінцыі Саманган і па аб’ектах у Кабуле. Гэты налёт адбыўся пасьля правядзеньня раней сёньня першай амэрыканскай наземнай апэрацыі ў паўдзённым Афганістане, у выніку якой былі зьнішчаныя два аб’екты – аэрадром і камандны пункт талібаў у ваколіцах Кандагару. Выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі ў Вашынгтоне, старшыня Аб’яднанага Камітэту Начальнікаў Штабоў Рычард Маерс паведаміў, што падчас наземнай апэрацыі былі здабытыя выведныя матэрыялы, якія цяпер вывучаюцца. Двое амэрыканскіх вайскоўцаў атрымалі лёгкія раненьні падчас высадкі ў паўдзённым Афганістане. Яшчэ двое вайскоўцаў загінулі падчас аварыі верталёту ў Пакістане ў выніку няшчаснага выпадку. Маерс паведаміў пра пляны працягу наземных апэрацыяў.