ВАШЫНГТОН. Злучаныя Штаты другі дзень запар заклікаюць Ізраіль спыніць ваенныя рэйды на палестынскія тэрыторыі. Дзяржаўны Дэпартамэнт Злучаных Штатаў выступіў сёньня з заявай, у якой гаворыцца, што гэтыя рэйды «толькі ўскладняюць сытуацыю і мусяць быць спыненыя». З падобнай заявай учора выступіў прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту Філіп Рыкер. Напружаньне паміж Ізраілем і палестынцамі павялічылася ад аўторку, калі ўзброеныя нападнікі забілі міністра турызму Ізраілю Рэхавама Зээві. Адказнасьць за забойства ўзяў на сябе радыкальны Народны Фронт Вызваленьня Палестыны, які Злучаныя Штаты лічаць тэрарыстычнай арганізацыяй.