ВАШЫНГТОН. Амэрыканскія ўлады паведамляюць, што 31 супрацоўнік Сэнату Злучаных Штатаў апынуўся пад узьдзеяньнем бактэрыі сыбірскай язвы. Лідэр сэнацкай бальшыні Том Дэшл паведаміў, што пакуль ніводзін зь іх ня быў інфікаваны і што праца Сэнату ня будзе перапыненая. Пра выяўленьне ў сваім офісе сьлядоў сыбірскай язвы паведаміў сёньня губэрнатар штату Нью-Ёрк Джордж Патакі. Офіс быў зачынены для праверкі. Дагэтуль у Злучаных Штатах былі зарэгістраваныя чатыры выпадкі захворваньня, адзін зь якіх закончыўся сьмерцю. Амэрыканскія ўлады пакуль што ня выявілі непасрэднай сувязі паміж выпадкамі захворваньня і арганізаваным тэрарызмам, аднак усе выпадкі расьсьледуюцца як крымінальныя справы.