ПАЛАСА ГАЗА. Сёньня палестынскі лідар Ясір Арафат санкцыянаваў арышт трох асобаў, адказных за забойства ізраільскага міністра турызму, ультранацыяналіста Рэхаваама Зэві. Забойства Зэві было адказам з боку Народнага фронту Вызваленьня Палестыны на забойства іхнага актывіста ў сёлетнім жніўні. Арафат загадаў службам бясьпекі шукаць ваяўнічую групоўку і караць кожнага, хто парушае замірэньне з Ізраілем. Адмысловы высланьнік ААН Трэй-Род Ларсэн пасьля сустрэчы з Арафатам падцьвердзіў ягоныя намеры:
“Арафат паінфармаваў мяне, што ён санкцыянаваў неадкладны пошук і арышт тых, хто зьдзейсьніў сёньняшняе забойства. Ён таксама паінфармаваў мяне, пра інструкцыю для кіраўніцтва бясьпекі ўжываць усе патрэбныя захады, каб папярэдзіць акты тэрору і гвалту”.
Ізраільскі прэм’ер-міністар Арыэль Шарон заявіў пра працяг барацьбы з тэрарызмам і ўсклаў віну за забойства міністра Зэві на Ясіра Арафата. Ізраільскі бок прыпыніў палітычныя кантакты з палестынскімі ўладамі, да часу, пакуль тэрарызам ня будзе спынены. Палестынскія ўлады зганілі забойства Зэві і заклікалі Ізраіль спыніць палітыку зьнішчэньня палестынскіх актывістаў.