ВАШЫНГТОН. Дзяржаўны дэпартамэнт Злучаных Штатаў паведамляе, што заўтра ў Кабуле адновіцца суд над васьмю супрацоўнікамі гуманітарнай арганізацыі, якія ў Афганістане нібыта спрабавалі навяртаць мусульманаў у хрысьціянства. Прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту Рычард Баўчэр паведаміў, што суд можа закончыцца на працягу некалькіх дзён. Як паведамляе пакістанскі адвакат абвінавачаных, усе яны – двое амэрыканцаў, двое аўстралійцаў і чацьвёра немцаў – надалей адчуваюць сябе добра. Паводле талібскіх законаў, усім ім можа прагражаць сьмяротны прысуд, аднак адвакат лічыць, што верагоднасць такога прысуду вельмі малая.