Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 06:20 ]  Сыстэме супрацьпаветранай абароны талібаў нанесеная такая шкода, што цяпер амэрыканскія налёты могуць адбывацца практычна ў любы час


ВАШЫНГТОН. Міністар абароны Злучаных Штатаў Доналд Рамсфэлд паведаміў, што ў выніку паветраных удараў па Афганістане сыстэме супрацьпаветранай абароны талібаў была нанесеная такая шкода, што цяпер амэрыканскія налёты могуць адбывацца практычна ў любы час. Рамсфэлд сказаў пра гэта на ўчорашнім брыфінгу ў Пэнтагоне. Ад мінулай нядзелі Злучаныя Штаты разам зь Вялікабрытаніяй наносяць удары па аб’ектах руху Талібан і тэрарыстычнай арганізацыі «Аль-Ка’іда», кіраванай Усамам бін Лядэнам. Вашынгтон вінаваціць бін Лядэна ў арганізацыі нападаў 11 верасьня на Нью-Ёрк і Вашынгтон, а рух Талібан – у даваньні прытулку тэрарыстам. «Мы нанесьлі ўдары па некалькіх лягерох тэрарыстаў, мы зьнішчылі бальшыню лётнішчаў – усе апрача аднаго, а таксама іх супрацьпаветраныя радары і зэнітныя ўстаноўкі. Улічваючы посьпехі папярэдніх налётаў, мы цяпер маем магчымасьць наносіць удары практычна круглыя суткі, калі захочам», - сказаў міністар Рамсфэлд. Ён таксама сказаў, што пакуль не было паведамленьняў пра страты з амэрыканскага боку. Тым часам прадстаўнік «Аль-Ка’іды» Суляйман Бу Гайт выступаючы ў катарскім тэлеканале «Аль-Джазіра», заявіў, што ягоная арганізацыя будзе змагацца з Амэрыкай «ўсімі магчымымі сродкамі». Ён сказаў, што джыгад або сьвятая вайна – гэта «абавязак кожнага мусульманіна». Раней Злучаныя Штаты абвінавацілі гэты тэлеканал у даваньні трыбуны экстрэмістам.
XS
SM
MD
LG