БРУСЭЛЬ. Выканаўчая рада НАТО сёньня ўхваліла разгортваньне новага кантынгэнту войскаў НАТО ў Македоніі з мэтай аховы міжнародных назіральнікаў, якія кантралююць выкананьне пляну мірнага ўрэгуляваньня паміж македонцамі і этнічнымі альбанцамі.
Новы кантынгэнт, які запрасіў македонскі прэзыдэнт Барыс Трайкоўскі, будзе складацца з прыблізна 700 міратворцаў пад нямецкім камандаваньнем, якіх падтрымаюць 300 іншых міратворцаў, што ўжо знаходзяцца ў краіне.
Раней сёньня ўрад Нямеччыны ўхваліў місію, чакаецца, што найбліжэйшым часам гэтае самае зробіць і парлямэнт.
Апэрацыя разьлічаная на тры месяцы з магчымасьцю прцягненьня ў залежнасьці ад абставінаў.
Папярэдняя місія НАТО ў Македоніі, якая зьбірала зброю ў альбанскіх паўстанцаў, завершылася ў сераду.