ВАШЫНГТОН. Міністры фінансаў “вялікай сямёркі” лічаць, што ў ЗША ў хуткім часе пачнецца эканамічны рост, нягледзячы на наступствы нядаўніх тэраактаў у Нью-Ёрку і Вашынгтоне.
У сумеснай заяве, якую яны зрабілі ў аўторак, адзначаецца, што фундамэнт эканомікі сямі вядучых індустрыяльных краінаў па-ранейшаму ўстойлівы.
Міністры заявілі, што “вялікая сямёрка” мае намер весьці сумесную стратэгію з мэтай зьнішчыць сыстэму фінансаваньня тэрарыстаў.
У аўторак французскія ўлады арыштавалі рахункі, уладальнікі якіх зьвязаныя з афганскімі талібамі і міжнародным тэрарыстам Усамам бін Ладэнам. Агульная сума замарожаных сродкаў – амаль 4 мільёны далараў.