ІСЬЛЯМАБАД. Кіраўніцтва афганскага руху Талібан паведаміла, што яно адхіляе патрабаваньні Злучаных Штатаў і ня выдасьць ім падазраванага ў тэрарызме Усаму бін Лядэна. Амбасадар талібаў у Пакістане Абдул Салям Заіф заявіў у Ісьлямабадзе, што суд над бін Лядэнам можа адбыцца ў Афганістане, калі Злучаныя Штаты пераканаўча давядуць, што менавіта ён арганізаваў тэрарыстычныя напады мінулага тыдня. Талібы заявілі, што будуць абараняць Афганістан ад магчымага нападу ЗША і будуць лічыць яго нападам не на іх краіну, а на Ісьлям наагул. Паводле Заіфа, мусульмане, якія супрацоўнічаюць са Злучанымі Штатамі, будуць пакараныя паводле ісьлямскіх законаў.