ВАШЫНГТОН. Злучаныя Штаты пасылаюць свае бамбавальныя самалёты, а таксама вайскоўцаў у раён Пэрсідскай Затокі дзеля падрыхтоўкі да магчымай вайны з тэрарызмам у адказ на зьдзейсьненыя напады на Нью-Ёрк і Вашынгтон. Вайсковыя фармаваньні далучацца да тых амэрыканскіх узброеных сілаў, якія там ужо знаходзяцца.
Разгортваньне войскаў атрымала назоў -- “Апэрацыя бясконцай справядлівасьці”.
Тым часам генэральны пракурор ЗША Джон Ашкрофт учора наведаў Пентагон, які 11 верасьня быў мішэньню тэрарыстаў.
Пад час сустрэчы з супрацоўнікамі амэрыканскага вайсковага ведамства Ашкрофт заявіў, што кіраўніцтва ЗША прыкладае намаганьні, каб дасьледваць і прыцягшнуць да судовай адказнасьці вінаватых у адпаведнасьці з палажэньнямі Канстытуцыі Злучаных Штатаў.”
Ашкрофт таксама заявіў, што тэрарысты, якія плянавалі і зьдзяйсьнялі напады на будынкі Ўсясьветнага Гандлёвага Цэнтру і Пэнтагону, верагодна, падтрымоўваліся замежнымі ўрадамі. Але ён не назваў, якіх краінаў гэтыя ўрады.