ВАШЫНГТОН. Злучаныя Штаты ўзмацнілі намаганьні стварыць міжнародны фронт супраць тэрарызму. Дзяржаўны сакратар Колін Паўэл сказаў, што краіны сьвету мусяць зразумець, што характар іхных дачыненьняў з Вашынгтонам будзе залежыць ад іхнага ўдзелу ў антытэрарыстычнай кампаніі Злучаных Штатаў. Паўэл сказаў, што ён атрымаў станоўчыя адказы ў справе барацьбы з тэрарызмам ад Ірану і Сірыі – краінаў, якія раней лічыліся прыхільніцамі тэрарызму. Паўэл ухваліў палітыку Пакістану, які згадзіўся дапамагаць Злучаным Штатам у кампаніі супраць Афганістану, дзе, паводле зьвестак, хаваецца галоўны падазроны на арганізацыю апошніх тэрактаў у ЗША тэрарыст – Усама бін Ладэн. Заўтра Пакістан высылае дэлегацыю да афганскіх талібаў з патрабаваньнем выдаць бін Ладэна. Сярод тых краінаў, якія выказалі падтрымку міжнароднай кампаніі барацьбы з тэрарызмам – Емен. Але Таджыкістан заявіў, што не дазволіць Злучаным Штатам ужываць таджыцкую тэрыторыю для атакаў на Афганістан.