ПРАГА. Турцыя сёньня пацьвердзіла сваю поўную падтрымку Злучаным Штатам пасьля тэрарыстычных нападаў у Нью-Ёрку і Вашынгтоне. Прэм’ер-міністар Турцыі Бюлент Эджэвіт заявіў, што ягоная краіна будзе супрацоўнічаць са Злучанымі Штатамі ў барацьбе з тэрарызмам, «адкуль бы ён ні паходзіў». Міністар абароны Расеі Сяргей Іваноў сказаў, што «ня бачыць падставы» для ўжываньня былых савецкіх сярэднеазіяцкіх рэспублік у якасьці пляцдарму НАТО для удараў па талібах у Афганістане. Прэм’ер-міністар Таджыкістану Акіл Акілаў заявіў, што ягоная краіна яшчэ не гатовая гарантаваць Злучаным Штатам доступ да сваёй паветранай прасторы для магчымых удараў па Афганістане.