ВЕНА. Прадстаўнік кіраўніцтва Арганізацыі па Бясьпецы і Супрацоўніцтву ў Эўропе Жэрар Студман заявіў, што існуюць сур”ёзныя сумневы, што прэзыдэнцкія выбары, якія маюць адбыцца ў нядзелю ў Беларусі, будуць дэмакратычнымі.
Жэрар СтудмАн, які ачольвае выбарчы дэпартамант у АБСЭ, асабліва падкрэсьліў, што ў Беларусі адбываецца ціск уладаў на незалежную прэсу і мясцовых назіральнікаў за выбарчым працэсам. Ён сказаў на паседжаньні пастаяннай рады АБСЭ ў Вене, што выбарчаму працэсу ў Беларусі не стае празрыстасьці.
АБСЭ мае каманду міжнародных назіральнікаў ў Беларусі, якія будуць сачыць за галасаваньнем у нядзелю. Большасьць зь іх вылецела ў Менск учора.
Прадстаўнік ЗША ў АБСЭ Дэвід Джонсан заявіў на ўчорашнім паседжаньні Пастаяннай Рады, што беларускім уладам трэба спыніць перасьлед апазыцыі, мэдыяў, мясцовых і міжнароджных назіральнікаў. Таксама ён сказаў, што ў дзень галасаваньня незалежныя назіральнікі павінны быць дапушчаныя на ўсе выбарчыя ўчасткі і на падлік бюлетэняў на ўсіх ўзроўнях.