Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 07:17 ]  Будучыня мірнага пляну, скіраванага на спыненьне альбанскага паўстаньня ў Македоніі, уяўляецца няпэўнай


СКОП’Е. Будучыня мірнага пляну, скіраванага на спыненьне альбанскага паўстаньня ў Македоніі, уяўляецца няпэўнай пасьля таго, як учора парлямэнт краіны прыпыніў абмеркаваньне зьвязаных зь мірным плянам пытаньняў. Старшыня парлямэнту Стоян Андаў заявіў, што абмеркаваньне не адновіцца, пакуль македонцы, якія пакінулі занятыя паўстанцамі тэрыторыі, ня змогуць вярнуцца дадому. Ён зазначыў, што 69 тысячаў македонскіх уцекачоў мусяць вярнуцца ў свае мясцовасьці на працягу 2-3 тыдняў. Паводле зьвестак Агенцтва ААН у справах уцекачоў, усяго ў Македоніі былі змушаныя пакінуць сваё жытло каля 125 тысячаў чалавек. Паводле Андава, ён быў вымушаны спыніць паседжаньне парлямэнту, бо альбанцы не даюць македонцам вярнуцца ў свае дамы ў мясцовасьцях на поўнач ад гораду Тэтава. Прадстаўнік НАТО ў Скоп’і Гансьёрг Айф заявіў македонскім уладам, што парлямэнт ня мае права выстаўляць новыя ўмовы мірнага пагадненьня. Паводле пагадненьня, альбанскія паўстанцы абавязаліся распусьціць свае вайсковыя аддзелы, калі парлямэнт прыме папраўкі да канстытуцыі, якія нададуць альбанскай меншыні шырэйшыя правы.
XS
SM
MD
LG