СКОП‘E. Парлямэнт Македоніі зьбярэцца сёньня ў Скоп’і на парлямэнцкія слуханьні ў пытаньні зьменаў у канстытуцыі, скіраваных на пашырэньне правоў альбанскай меншыні. Канстытуцыйныя зьмены складаюць частку мірнага пляну, падпісанага ў гэтым месяцы. Паводле гэтага пляну, урад згадзіўся пачаць гэткае абмеркаваньне, як толькі альбанскія паўстанцы здадуць траціну з 3300 адзінак зброі вайскоўцам зь місіі НАТО. Учора прэзыдэнт Барыс Трайкоўскі паведаміў, што гэтыя ўмовы былі выкананыя, што дазваляе пачаць абмеркаваньне. Альбанская Нацыянальна-Вызвольная Армія здала каля 1400 адзінак зброі вайскоўцам НАТО, якія пачалі сваю 30-дзённую македонскую місію ў панядзелак. Старшыня македонскага парлямэнту Стоян Андаў зазначыў, што ў цэнтры ўвагі сёньняшняй сэсіі будзе пачатак працэсу канстытуцыйных зьменаў. Для прыняцьця адпаведнай пастановы патрабуецца падтрымка 80 працэнтаў дэпутатаў парлямэнту. Калі пастанова будзе прынятая, альбанцы працягнуць здаваць зброю.