БАКУ. Пасланец расейскага прэзыдэнта выказаў спадзяваньне на дэмілітарызацыю басэйну Касьпійскага мора, нафтавыя запасы якога працягваюць быць аб’ектам спрэчак прылеглых краінаў. Намесьнік міністра замежных справаў Расеі Віктар Калюжны выступіў з адпаведнай заявай у Баку, дзе ён сустрэнецца з кіраўніцтвам Азэрбайджану. Перад гэтым Калюжны наведаў Іран. Калюжны назваў «непаразуменьнем» нядаўні рост напружаньня паміж Азэрбайджанам і Іранам. Азэрбайджан у мінулым месяцы абвінаваціў іранскі вайсковы карабель у парушэньні сваіх тэрытарыяльных водаў і пагрозах ужыць сілу супраць азэрбайджанскага нафтавыведнага карабля. Віцэ-міністар замежных справаў Ірану Алі Агані ў аўторак сустрэўся ў Баку з прэзыдэнтам Аліевым. На думку Калюжнага, гэта сьведчыць пра тое, што азэрбайджанска-іранскі канфлікт закончыўся. Расейскі пасланец таксама выказаў спадзяваньне, што сустрэча лідэраў пяці дзяржаваў касьпійскага басэйну ўсё ж адбудзецца гэтай восеньню, нягледзячы на нядаўнюю прапанову Туркмэністану адкласьці яе на пазьнейшы тэрмін.