Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ВАРТА Ў БЕЛАРУСІ ЗАБАРАНІЦЬ ПАЛЕНЬНЕ Ў ГРАМАДЗКІХ МЕСЦАХ?


Альгерд Невяроўскі, Менск

У Беларусі паліць 42% насельніцтва. Ад хваробаў, зьвязаных з паленьнем, штодня паміраюць 42 чалавекі, а за год — 15 з паловай тысяч чалавек. Гэтыя лічбы днямі назвала міністар аховы здароўя Людміла Пастаялка. Паводле інфармацыі Міністэрства статыстыкі й аналізу, колькасьць продажу тытунёвых вырабаў у Беларусі пастаянна расьце. У 2002 годзе было прададзена 16 мільёнаў цыгарэтаў, а за першыя чатыры месяцы гэтага году — больш як 5 з паловай мільёну. Я пацікавіўся ў людзей на менскіх вуліцах: як яны ставяцца да забароны паленьня ў грамадзкіх месцах? Многія лічаць, што такі крок быў бы правільны:

(Хлопец: ) “Трэба забараніць, бо гэта шкодзіць нашай экалёгіі”.

(Спадар: ) “Вось хацеў цяпер запаліць, але ня буду. Варта забараніць. Бо гэта жа здароўе — адзін крок да здароўя. Адзін крок да здароўя, а два да магілы. Дык лепей крок прайсьці наперад”.

(Спадарыня: ) “Я ўвогуле супраць паленьня. Мой муж паліць, дык ён мне ўжо ў пячонках сядзіць. І хворы ж, але паліць. Катэгарычна забараніць паленьне”.

(Спадар: ) “Паліць трэба забараніць. Я лічу, што гэта шкодна. І для сябе, і для іншых. Я паліў, але кінуў”.

(Спадар: ) “Так, трэба, бо іншыя людзі таксама знаходзяцца ў грамадзкіх месцах. Паленьне наогул трэба забараніць, і ня толькі ў грамадзкіх месцах”.

(Хлопец: ) “Я думаю, што трэба. Калі забараніць паленьне, людзі будуць здаравейшыя”.

(Спадар: ) “Я за забарону. Трэба весьці здаровы лад жыцьця”.

(Дзяўчына: ) “Варта. Я сама зь сельскай мясцовасьці, у нас заўсёды кідаюць недапалкі, ніхто ня думае, а пасьля бываюць пажары. Наносіцца вялікая шкода. Нават ад кінутага шкла на сонцы адбываюцца пажары. А ад цыгарэтаў які агонь! Людзі выпіваюць, ня тушаць вогнішчаў… Таму, я думаю, варта”.

(Спадарыня: ) “Трэба забараніць. Дымяцца сьметніцы, і так забруджваецца ўсё. Трэба меней паліць”.

(Хлопец: ) “Я лічу, што гэта будзе вельмі добра. Таму што непрыемна, калі ідзеш па вуліцы і адчуваеш гэты пах. За мяжой, у Нямеччыне, напрыклад, для паленьня існуюць спэцыяльныя месцы за горадам, альбо ў межах гораду дзе няшмат людзей”.

Ёсьць аднак і тыя, хто лічыць, што ўводзіць поўную забарону на паленьне ў грамадзкіх месцах ня варта:

(Хлопец: ) “Не. Хаця гледзячы ў якіх месцах. Там, дзе людзі знаходзяцца бліжэй да паветра — там можна паліць. Мой сябра вельмі любіць паліць і доўгі час ня зможа без цыгарэтаў”.

(Ягоны сябра: ) “У рэстарацыях, напрыклад, нават калі я і палю, мне складана. Калі нехта паліць, то гэта непрыемна. А што тычыцца тут у цэнтры, на вуліцы — мне здаецца, гэта нармальна”.

(Спадар: ) “Гэта асабістая справа кожнага. Можна зрабіць асобныя месцы для тых, хто паліць, і хто не. І так, відаць, будзе правільна”.

(Спадарыня: ) “Паленьне забараніць? Не ва ўсіх месцах. Бо так можна парушыць і правы іншых людзей. Трэба каб і ваўкі былі сытыя, і авечкі цэлыя”.

І ніводзін з апытаных мною людзей не сказаў, што грамадзкіх месцаў для паленьня павінна быць больш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG