Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ ЗАМАРУДЗІЛАСЯ ПАСТАЎКА РАСЕЙСКІХ КОМПЛЕКСАЎ С-300 У БЕЛАРУСЬ?


Валер Каліноўскі, Менск

Яшчэ мінулай восеньню міністар абароны Расеі Сяргей Іваноў неаднаразова казаў, што вось-вось неабходны кантракт будзе падпісаны і расейскія комплексы С-300 паступяць у Беларусь на правах арэнды з мэтай абароны “агульнай паветранай прасторы”. Начальнік галоўнага штабу Ўзброеных сілаў Расеі Барыс Чальцоў заяўляў, што С-300 паступяць у Беларусь да канца 2003 году, аднак гэтыя комплексы трэба “мадэрнізаваць сумеснымі намаганьнямі расейскіх і беларускіх спэцыялістаў.” Аднак у канцы году адносіны Беларусі й Расеі пагоршыліся, узьніклі вострыя спрэчкі наконт паставак расейскага газу і ўвядзеньня адзінай валюты. Вайскоўцы па інэрцыі казалі пра гатоўнасьць да падпісаньня кантракту і ў студзені, і ў сакавіку 2004 году.

Праблема ў тым, што Расея ўрэшце пагадзілася бясплатна паставіць Беларусі зэнітна-ракетныя комплексы С-300, але не новыя, якія каштуюць сотні мільёнаў даляраў, а старыя, вырабленыя ў 1985–86 гады, якія былі выведзеныя з баявога складу сілаў расейскай супарцьпаветранай абароны. І адпаведна расейскі бок запатрабаваў, каб Беларусь аплаціла іх перадэскпартную падрыхтоўку ды прывядзеньне ў боегатовасьць на расейскіх заводах. Дзеля гэтага патрабуецца ад трох да пяці месяцаў.

Сёлета ў красавіку кіраўнік войскаў СПА Беларусі Алег Пафераў казаў, што дакумэнты на падпісаньне гатовыя і знаходзяцца ў Расеі. А нядаўна з Масквы прыйшла інфармацыя, што падпісаньне кантракту затрымліваецца па віне беларускага боку, пазыцыя якога была названая ананімнымі прадстаўнікамі Мінабароны Расеі “непасьлядоўнай”. Расейскі бок настойвае, каб Беларусь цалкам аплаціла перадэкспартную падрыхтоўку і прывядзеньне комплексаў у боегатовасьць расейскімі кампаніямі.

Беларускі бок хоча выканаць гэтыя працы ў сябе — гэта зэканоміла бы грошы. На гэта ў сваю чаргу не пагаджаецца Мінабароны Расеі, маўляў, каб ня несьці адказнасьці за якасьць працы на беларускіх заводах.

Цяпер у прэсавай службе Мінабароны Расеі кажуць, што ўвогуле не валодаюць інфармацыяй наконт магчымых тэрмінаў паставак С-300 у Беларусь. У Мінабароны Беларусі таксама адмаўляюцца ад нейкіх прагнозаў. Гаворыць прэсавы сакратар Мінабароны Беларусі Леанід Захаранка:

(Захаранка: ) “У нас усе дакумэнты гатовыя. Гэта пытаньне да палітыкаў”.

Вайсковы экспэрт тыднёвіка “Белорусский рынок” Аляксандар Алесін так камэнтуе сытуацыю:

(Алесін: ) “Наколькі я ведаю з маіх крыніцаў у вайсковых колах, прадпрыемствы Беларусі здольныя выканаць усе працы па С-300, нават могуць зьбіраць іх з камплектных і кампанэнтаў, якія пастаўляюць беларускія, расейскія і ўкраінскія заводы. Таму ў прынцыпе тут толькі пытаньне ў тым, хто будзе аплачваць”.

Паводле Аляксандра Алесіна, кошт рэканструкцыі чатырох комплексаў С-300 складае 30–50 мільёнаў даляраў.

Тым часам, акрамя пастаўкі С-300, замарудзілася і рэалізацыя ранейшых дамоўленасьцяў аб адзінай рэгіянальнай сыстэме Супрацьпаветранай абароны Беларусі й Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG