Мастак Сяржук Цімохаў лічыць паганства найбольш адпаведнай для творцаў рэлігіяй. Дылемы “крыж ці стод” для яго не існуе, як мастак ён даўно выбраў апошняе і сілкуе сваё мастацтва з прадаўніх язычніцкіх крыніцаў. На ягоныя маляўнічыя і таямнічыя стоды нядаўна дзіваваліся ў Нямеччыне, дзе адбылася пэрсанальная выстава Сяржука і Рыты Цімохавых. Па вяртаньні на радзіму мастак завітаў у “Вольную студыю”.
(Міхась Скобла: ) “Сяржук, мастакі часам любяць пахваліцца: мае творы знаходзяцца ў зборах… (Далей ідзе паважны пералік краінаў — Аўт.). Але няшмат хто можа пахваліцца замежнай пэрсанальнай выставай. Каб яна адбылася, мастак павінен прыкласьці не абы-якія намаганьні, ці ня так?”
(Сяржук Цімохаў: ) “Сапраўды, для гэтага патрэбныя ня толькі выдатныя творы, але і пэўныя арганізацыйныя здольнасьці. Падрыхтоўка да маёй выставы, а адбылася яна ў горадзе Віль паблізу Кёльну, вялася каля году. Дарэчы, на выставе была прадстаўленая і мая жонка Рыта Цімохава, усяго наведнікі пабачылі 23 творы — графіка, акварэлі, алейныя творы”.
(Скобла: ) “У вас сям’я мастакоў, а майстэрня, я ведаю, адна. Ня цесна працаваць?”
(Цімохаў: ) “У майстэрні на 18 квадратных мэтраў мне і аднаму цесна. Месца мала, асабліва калі рыхтуесься да выставы, і хочацца творы расставіць. Мне яшчэ пашанцавала, што жонка — кніжны графік, і ёй дастаткова для працы стала. Пакуль яна працуе пераважна дома, але без майстэрні мастаку нельга, яна для яго — куточак душы”.
(Скобла: ) “Зь Нямеччыны ты прыехаў заўважна натхнёным, чым ты там натхніўся?”
(Цімохаў: ) “Я там прабыў каля дваццаці дзён, наведаў Кёльн, Дрэздэн, Бэрлін і Патсдам. Падарожныя выдаткі аплаціў арганізатар выставы “Volksbank” — вядомы нямецкі банк, Дарэчы, банк мае сваю шыкоўную мастацкую галерэю, дзе ўвесьчасна праводзяцца выставы. Усё было вельмі добра арганізавана, гасьцей запрасілі каля сотні чалавек, музыкі гралі выдатны джаз. Адчувалася, што ўсё гэтае дзейства — для немцаў сьвята”.
(Скобла: ) “Нямецкі банк арганізуе выставу беларускага мастака. А беларускія банкіры як да мастацтва адносяцца?”
(Цімохаў: ) “І нашыя паступова пачынаюць цікавіцца. Скажам, “Прыёрбанк” і “Беларусьбанк”маюць свае калекцыі, і час ад часу набываюць для іх творы. Вельмі прыемна, што й нашы банкіры пачынаюць разумець: мастацтвам займацца — і прыемна, і прэстыжна”.
(Скобла: ) “У мастака мае быць пільнае вока. Як адносяцца да Беларусі ў Нямеччыне? І ці пазнавалі немцы на вуліцы ў табе іншаземца? Ці ты хутка засвоіў тамтэйшыя манеры?”
(Цімохаў: ) “На жаль, да гэтай пары ведаюць там пра нас мала. І калі часам скажаш, што ты прыехаў зь Беларусі, то могуць не згадаць, дзе гэткая краіна знаходзіцца. А калі й ведаюць, то толькі праз нэгатыў Лукашэнкі, які даводзіцца пераадольваць. Нямецкія СМІ паведамляюць пра палітычную сытуацыю ў Беларусі, і немцы часам пытаюцца: ці тое праўда, ці гэта сапраўды мела месца? Многія працягваюць лічыць Беларусь часткай Расеі, але потым пачынаюць разумець, што гэта ня так, што гэта зусім іншая культура, просяць гаварыць па-беларуску. Аднак немцы захапляюцца нашым сучасным мастацтвам. І я разумею чаму. У нас розныя мастацкія школы, мы невядомыя адзін аднаму — дзякуй за гэта “жалезнай заслоне”! А наконт манераў… У немцаў ёсьць такі звычай, там у невялікіх гарадках накшталт нашага Нясьвіжу ўсе, знаёмыя і незнаёмыя, міжсобку вітаюцца. І мне спачатку было нязвыкла адказваць на вітаньні, але потым прызвычаіўся, было відаць, што мяне прымалі за свайго”.
(Скобла: ) “На тваім каталёгу радкі Максіма Багдановіча: “Хто мы такія? Толькі падарожныя — папутнікі сярод нябёсаў”. Мне ў гэтых радках, нароўні зь іх сьветлым гуманізмам, заўсёды чуўся і адчай паэта. Мне бліжэй радкі набэлянта зь невялічкай вэст-індыйскай выспачкі Сэнт-Люсія Дэрэка Ўолката: “Альбо я нацыя, альбо я — ніхто”. А кім сябе адчувае мастак Цімохаў — у краіне, у сьвеце, у сусьвеце?”
(Цімохаў: ) “Я не адчуваю, што я — нацыя. Памятаеш, Сяргей Дубавец у “Вострай Браме” дасьледаваў, хто зь беларускіх творцаў адважваўся сказаць: я — народ. Усяго трох ці чатырох ён налічыў, у тым ліку Янку Купалу. Вялікая адказнасьць — гаварыць так, і я пра гэта нават ня думаю. Я адчуваю сябе маленькай пясчынкай беларускага космасу, якая калі пакіне маленькі сьлед у гісторыі сваёй нацыі, то я буду вельмі задаволены ў іншым жыцьці, калі яно ёсьць”.
(Скобла: ) “Перш чым задаць табе наступнае пытаньне, я хацеў бы працытаваць мастацтвазнаўцу Магрэту Бурнэйку: “Паганства ўваходзіць у жыцьцё чалавека, займаючы месца чужых, а таму так і не ўсьвядомленых да канца філязофіяў, якія паступова ператвараюцца ў вясёлкавыя бурбалкі на паверхні існасьці. І бездапаможны ў сваіх пазасусьветных блуканьнях падарожны нарэшце адчувае глебу пад нагамі, ён вяртаецца да сваіх першапачаткаў, да такіх звычайных зьяваў як вада, паветра, агонь і зямля, дрэва і камень. А ён, яшчэ ніхто ўчора, сёньня — сэнс і першааснова ўсяго, што навокал. Зямля прымае чалавека ў свае абдоймы, нібы дзіця, якому доўга забаранялі ступаць басанож па роснай траве. Натуральныя пошукі духоўнасьці, спроба спасьціжэньня Бога ў творах Сяржукак Цімохава знайшлі трывалы сэнс у вяртаньні да спрадвечнага, дахрысьціянскага”. Напісана гэта было каля 10 гадоў таму. Што для цябе паганства, і ці не зьмянілася з узростам тваё стаўленьне да яго?”
(Цімохаў: ) “Як мастак я жыву тэмай паганства. Азірніцеся на нашу гісторыю, пачынаючы з 10 стагодзьдзя, паглядзіце, што дало хрысьціянства для беларускага народу. І столькі пытаньняў адразу ўзьнікае! Хрысьціянства вельмі зьвязанае з палітыкай. Як толькі зьявілася дзяржава, узьнікла неабходнасьць усталяваньня адной рэлігіі. А як толькі пачалі дзяліцца імпэрыі, Рымская ці Бізантыйская, пачала дзяліцца і рэлігія. Ці можа быць Бог матэрыялізаваны, як гэта падаецца ў хрысьціянстве? На мой погляд, Бог ня можа выглядаць так, як чалавек. Бог — гэта згустак, квінтэсэнцыя энэргіі, якая існуе вакол зямной прасторы. Гэта і сонца, і месяц, і зямля, і дрэвы, і вада, і магнітныя хвалі, гэта і энэргія, якую вылучаюць мільярды людзей”.
(Скобла: ) “Але ж і ў паганскай рэлігія багі мелі зямное ўвасабленьне”.
(Цімохаў: ) “Згодзен — Пяруна вычэсвалі з дрэва з канкрэтным абліччам. Але гэта было бачаньнем суб’ектыўным: чалавека ці часткі людзей. Не існавала канону, як гэта ёсьць у хрысьціянстве. І мастаку ў хрысьціянстве няўтульна, бо трэба трымацца канонаў. І калі Феафан Грэк ці Андрэй Рублёў малявалі сваіх сьвятых, малявалі экспрэсіўна, то гэта засталося ў гісторыі мастацтва як школа. Але назавіце мне хоць аднаго мастака за апошнія стагодзьдзі, які сьцьвердзіў сябе ў рэлігійным мастацтве. Няма яскравых імёнаў, бо канон занявольвае мастака, не дае яму выявіцца. Вось табе прыклад: зьбіраліся расьпісваць Крыжа-Ўзьвіжанскую царкву ў Полацку і хацелі запрасіць прафэсійнага мастака. Але ўрэшце запрасілі аматара, які зрабіў салодкія падробачкі, але не парушыў канонаў”.
(Скобла: ) “На сваіх выставах ты часам выкарыстоўваеш камяні. Адмыслова раскладзеныя на падлозе, яны ствараюць пэўны кантэкст для твайго жывапісу. Што трэба зрабіць з каменем, каб ён азваўся, парушыў сваё векавечнае маўчаньне?”
(Цімохаў: ) “Камяні для мяне — як жывыя істоты. І калі мы прыносім камень у выставачную залю, ён набывае іншы статус, набліжаецца да твору мастацтва. Літаральна ўчора я ехаў з Полаччыны, і абапал дарогі мільгалі расьпісаныя рознымі заклікамі камяні: “Беражыце лес!” ды іншае. Ну навошта такое рабіць? Камень — гэта ж таксама прырода, навошта вы яго зьнішчаеце? Гэта тое самае, што забіць лася, зрабіць зь яго пудзіла і напісаць на ім: “Беражыце ласёў!” Нельга так рабіць! Стаўленьне да камянёў павінна быць як і да ўсёй астатняй прыроды — да возера, да ракі… Пакуль мы не ўсьвядомім, што мы толькі часьцінка жывой прыроды, мы будзем толькі тлець і ўрэшце развалімся”.
(Скобла: ) “Ты зьяўляесься сябрам суполкі “Пагоня”, у якой сабраліся найбольш актыўныя ў сваёй грамадзкай чыннасьці мастакі. Мастак павінен разварушваць апатычнае грамадзтва, ці гэта не ўваходзіць у ягоныя абавязкі?”
(Цімохаў: ) “Найперш мастак павінен ствараць добрае і цікавае мастацтва. У польскага паэта Норвіда ёсьць радкі: “Ня меч і шчыт бароняць мову, а дасканалы твор”. Калі мастакі зладзяць выдатную выставу, зьбярэцца безьліч людзей, і мастакі будуць прамаўляць па-беларуску і стаяць на пазыцыях беларушчыны, гэтая выстава, нават калі на ёй ня будзе твораў з намаляванымі на іх бела-чырвона-белымі сьцягамі, яна будзе глыбока беларускай і сама стане сьцягам, за якім пойдуць людзі. Але калі бела-чырвона-белыя сьцягі мы будзем маляваць на кепскіх творах, мы будзем дапамагаць нашым незычліўцам, а сабе рабіць як найгорш”.
(Скобла: ) “Зірнуўшы на студыйны гадзіньнік, задаю апошняе пытаньне. Летась ты ўзяў Гран-пры на кніжным біенале ў Бялградзе “Залатое пяро”, сёлета — выстава ў Нямеччыне. Посьпех. Да мастака, які дамагаецца посьпеху там, ці зьмяняюцца адносіны тут?”
(Цімохаў: ) “Доля любога мастака — працаваць і быць цікавым найперш самому сабе. Але сапраўды, нашага творцу спачатку мусяць прызнаць за мяжой, і толькі пасьля ён стане вядомым на радзіме. Напрыклад, калі бы выдатны, арыгінальны мастак Язэп Драздовіч застаўся за мяжою, як у свой час зрабіў Марк Шагал, ён вярнуўся бы на Беларусь у арэоле. І нам не спатрэбіліся бы дзясяткі гадоў неймаверных высілкаў, каб гэты арэол стварыць. А так даводзіцца той жа “Пагоні” ладзіць плянэры, выдаваць альбомы, і не стамляцца тлумачыць усяму сьвету, хто такі Драздовіч. Таму я не асуджаю тых мастакоў, якія працуюць там, гэта лепш, чым біцца ў глухую сьцяну тут”.