Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НАРОДНАЯ ВОЛЯ” МУСІЦЬ ВЫПЛАЦІЦЬ 50 МІЛЬЁНАЎ РУБЛЁЎ БЫЛОМУ СТАРШЫНЮ БТ Я. РЫБАКОВУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

31 траўня калегія грамадзянскіх справаў Вярхоўнага Суду разгледзела скаргу на рашэньне ў вядомай справе “Ягор Рыбакоў супраць “Народнай волі” і зьмяніла некаторыя сумы спагнаньняў. Для былой тэлевядучай Элеаноры Язерскай і журналісткі газэты Марыны Коктыш судовая калегія зрабіла саступку — замест 3 мільёнаў рублёў з кожнай будзе спагнаны 1 мільён. Што да “Народнай волі”, то для яе штраф пакінуты ранейшы — 50 мільёнаў рублёў. Рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч застаўся рашэньнем судзьдзяў не задаволены і заявіў, што зьбіраецца яго абскарджваць, у тым ліку звяртацца ў Камітэт правоў чалавека ААН. Іншага чакала і журналістка “Народнай волі” Марына Коктыш:

(Коктыш: ) “Безумоўна, 1 мільён — гэта ня 3 мільёны, але я ня згодная і з гэтым рашэньнем, бо не лічу сябе вінаватай. Лічу, што гэта Рыбакоў заслугоўвае пакараньня, ніяк не “Народная воля” і ня я асабіста як журналістка. Мы будзем змагацца за адмену гэтых рашэньняў”.

Ягор Рыбакоў падаў у суд на газэту і журналістаў яшчэ летась. Тагачасны старшыня Белтэлерадыёкампаніі палічыў, што яго абразілі ў публікацыі ў “Народнай волі” двухгадовай даўніны. Размова ішла пра інтэрвію з Элеанорай Язерскай, у якім тэлевядучая казала, што тэлебачаньне пры новым кіраўніцтве ператварылася ў руіны і называла прозьвішчы людзей, у сьмерці якіх, на яе думку, вінаватыя кіраўнікі тэлебачаньня.

Летась у верасьні Ленінскі раённы суд Менску часткова задаволіў пазоў Ягора Рыбакова, а праз два месяцы Менскі гарадзкі суд падчас касацыйнага разгляду справы яшчэ і павялічыў спагнаньні.

На пачатку 2004 году Ягор Рыбакоў быў арыштаваны паводле падазрэньняў у злоўжываньнях і хабарніцтве і дагэтуль знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КГБ. Сёньня ў Вярхоўным судзе ён не прысутнічаў, аднак фактычна перамог.

Рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч выказаў меркаваньне, што год таму Ягор Рыбакоў даведаўся пра цікаўнасьць да яго з боку пракуратуры і падаў у суд на газэту, каб выслужыцца перад уладай. “Маўляў, не чапайце мяне, я зраблю ўсё, каб улада пазбавілася ад такога прынцыповага апанэнта як масавая незалежная газэта “Народная воля”, — заявіў судзьдзям Іосіф Сярэдзіч. Рэдактар “Народнай волі” прызнае, што рашэньне аб спагнаньні з газэты 50 мільёнаў рублёў ставіць яе ў вельмі складанае становішча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG