Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДСУТНАСЬЦЬ МЯЖЫ З РАСЕЯЙ ПРЫЦЯГВАЕ Ў БЕЛАРУСЬ НЕЛЕГАЛЬНЫХ МІГРАНТАЎ


Юры Сьвірко, Менск

У прадстаўленым на канфэрэнцыі нацыянальным дакладзе Беларусі паведамляецца, што за апошнія дзесяць гадоў краіна прыняла больш за 35 тысяч вымушаных мігрантаў — як з тэрыторыі былога СССР, гэтак і зь некаторых дзяржаваў Усходняй Эўропы, Азіі ды Афрыкі. Каля 3 тысяч замежнікаў хацелі атрымаць у Беларусі статус уцекача, але такі статус на 1 траўня сёлета маюць толькі 732 чалавекі (пераважная большасьць іх з Аўганістану).

Тры гады таму Беларусь далучылася да канвэнцыі аб статусе ўцекачоў, менш за год дзейнічае новая рэдакцыя закону аб уцекачах. Цяпер адбываецца рэформа дзяржаўных органаў, якія рэгулююць міграцыю — на базе дэпартамэнту міграцыі Міністэрства працы ды адпаведных структураў пашпартна-візавай службы Міністэрства ўнутраных справаў у апошнім створаны дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі. Адметна, што нацыянальны даклад зазначае: “Улічваючы працэс дэпапуляцыі ў Рэспубліцы Беларусь, які працягваецца, адным з найважнейшых прыярытэтаў у справе забесьпячэньня дэмаграфічнай бясьпекі нашай краіны ёсьць распрацоўка і рэалізацыя праграмы аказаньня дзяржаўнага спрыяньня працэсу рэпатрыяцыі этнічных беларусаў”.

Аднак даклад прызнае, што адпаведнае пагадненьне з Расеяй, падпісанае ў кастрычніку 1996 году, “не рэалізоўвалася з прычыны адсутнасьці неабходных сродкаў”. Таму з Расеі замест этнічных беларусаў едуць пакуль нелегальныя мігранты з краінаў Азіі ды Афрыкі, для якіх нават зьбіраюцца будаваць адмысловы цэнтар, пра што паведаміў першы намесьнік міністра ўнутраных справаў Беларусі Аляксандар Шчурко:

(Шчурко: ) “Ідзе размова пра будаўніцтва цэнтру часовага ўтрыманьня. Каб палагодзіць усе працэдуры, у тым ліку і дакумэнтальныя — для гэтага неабходны цэнтар часовага ўтрыманьня. Па Прыбалтыцы мы вывучалі пытаньне, там у іх утрымліваецца мігрантаў 10–15. Яны маюць такую зьяву, а ў нас апошнім часам групы нелегальных мігрантаў налічваюць за месяц дзясяткаў 70 чалавек. Таму спрагназаваць штосьці ў зьвязку з адсутнасьцю мяжы з Расейскай Фэдэрацыяй сёньня складана”.

Аднак нацыянальны даклад нічога ня кажа пра тое, што ў Беларусь нелегальныя мігранты трапляюць непасрэдна з Расеі, празь некантраляваную мяжу, — дакумэнт падкрэсьлівае, што яны прыбываюць “пераважна зь дзяржаваў, дзе актыўна дзейнічаюць міжнародная наркамафія і тэрарыстычныя арганізацыі”. Летась на беларускай тэрыторыі затрымалі 133 арганізаваныя групы мігрантаў колькасьцю амаль 2 тысячы чалавек, якіх пасьля дэпартавалі. Але самі прадстаўнікі беларускай міліцыі кажуць, што пасьля дэпартацыі ў Расею мігранты зноў вяртаюцца ў Беларусь, каб зноў паспрабаваць трапіць на Захад.

Туды ж трапляюць і беларускія грамадзяне, найперш грамадзянкі, якіх прымушаюць займацца прастытуцыяй. Паводле дакладу, у 2001–2003 гадах былі зарэгістраваныя 1175 злачынстваў, зьвязаных з гандлем жывым таварам. Ахвярамі сэксуальнага гвалту прызналі больш за 600 жанчын і дзяўчат. А справаздача Міжнароднай арганізацыі міграцыі паведамляе, што ў Беларусі па дапамогу за ўвесь 2003 год зьвярнуліся 56 ахвяраў, а сёлета — ужо 88. Адметна, што Аўстрыя ў сьпісе краінаў, дзе прадавалі беларусак, зусім не фігуруе. Найбольш ахвяраў вярнулася з Кіпру — 37 чалавек, а таксама па два дзясяткі з Польшчы, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Расеі. Цяпер дзейнічае праект Міжнароднай арганізацыі міграцыі “Барацьба з гандлем жанчынамі ў Беларусі”, які фінансуюць ЗША і Швэцыя — дзьве краіны, якіх няма ў чорным сьпісе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG