Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ДВАЦЦАЦЬ ГОД Я ЗЬБІРАЎ ГРОШЫ НА ДАЛЁКАЕ ПАДАРОЖЖА, А ІХ У МЯНЕ ЎКРАЛА ДЗЯРЖАВА”


Валянцін Жданко, Менск

У гэтыя апошнія дні вясны значную частку нашай пошты складаюць лісты ад маладых слухачоў — студэнтаў ды навучэнцаў. Пачну з электроннага ліста ад менскага ліцэіста, які падпісаўся прозьвішчам (ці псэўданімам) Шувер. Слухач піша:

“Мне 16 гадоў, жыву ў Менску, вучуся ў другім ліцэі (ёсьць такі ў нашым горадзе). Я, на жаль, вас у эфіры ня слухаю, напэўна з прычыны ўласнай ляноты, а чытаю ў інтэрнэт-варыянце. Стараюся асабліва ня лезьці ва ўсялякія палітычныя справы, але проста не магу паважаць нашу ўладу на чале з, так бы мовіць, “бацькам усяе нацыі” хаця б за тое, да чаго яна давяла нашу культуру й мову… Няўжо гэта так цяжка — пачытаць гісторыю і зразумець , што яна пачалася не з БССР?

Такое ўражаньне, што гэтаму народу акрамя каб “вайны не было”, дый чаркі са шкваркай — нічога не патрэбна… А калі што, дык бацьвіньне высокае вырасла — хавайцеся, людзі, у бульбу. Пакуль ня бачна нічога аптымістычнага. Намаганьні адзінак бясплённыя. Апроч таго, калі ты адзін — цябе могуць пасадзіць за паклёп на “ўсенародна абранага”. Хачу яшчэ сказаць пра апошні твор нашага тэлебачаньня — “Дорога в никуда”. Я проста, шчыра сьмяяўся. Не зразумеў (напэўна, маленькі яшчэ) на каго разьлічаны гэты “фільм”. Хлопцы зь “дзярэўні” і так ведаюць, за каго галасаваць…

Таксама мне вельмі падабаецца пазыцыя Пазьняка, які сядзіць за мяжой і кажа, што гэтаму народу рабіць. Народ і так за трыста гадоў запужалі, ён Пазьняка ўжо не паслухае. А добра вось так сядзець недзе, ведаючы, што табе за гэта нічога зрабіць ня змогуць, казаць “Лукашэнка дрэнны, на выбары не хадзіце…” Але ўсё ж народ у нас добры, проста даволі забіты ўжо, замнога ён вытрымаў, многа разоў узрываўся. Дзе ж моцы на ўсё ўзяць”.

Прапагандысцкі фільм “Дорога в никуда”, пра які згадаў у сваім лісьце слухач, быў паказаны нядаўна некалькімі дзяржаўнымі каналамі і выклікаў шырокі розгалас, прытым, ня толькі ў Беларусі — на яго адгукнуліся многія міжнародныя і замежныя арганізацыі. Цяжкія галаслоўныя абвінавачаньні замест аргумэнтаў і нічым не падмацаваныя высновы замест фактаў — гэта і зьмест фільму, і ягоная форма. Думаю, такую ж, як у менскага ліцэіста, рэакцыю ён выклікаў ва ўсіх разважлівых людзей, што здольныя асэнсоўваць падзеі, а ня сьлепа кіравацца лёзунгамі.

Ліст ад школьніка Віталя Гусева з Магілёва. Слухач піша:

“Пішу вам гэты ліст, схаваўшы аркуш пад партай. Гэта значыць, я павінен у гэты момант займацца чымсьці іншым — напрыклад, вучобаю. Але не магу, калі бачу несправядлівасьць, якая пануе ў грамадзтве. Нас, беларусаў, прымушаюць вучыць гэтую расейска-татарскую мову. Навошта нам гэта? Я лічу, што пачуцьцё свабоды магчымае толькі ў яднаньні з Радзімай, гэта значыць — зь беларускай мовай. Толькі асэнсаваўшы, што значыць для нас Радзіма, мы зможам канчаткова пазбавіцца ад путаў, якія засталіся пасьля камунізму”.

Вашы, Віталь, усхваляваныя словы пра лёс мовы і радзімы, адчуваецца, шчырыя. Але вучобай усё ж займацца варта — нават калі не ляжыць ваша душа да расейскай мовы. Беларусі патрэбная адукаваная моладзь — толькі яна здольная выправіць памылкі бацькоў і пабудаваць сучасную эўрапейскую дзяржаву.

Ліст ад Ягора Місуны з Мазыра:

“Зь дзяцінства я цікаўлюся геаграфіяй. Заўсёды марыў пабываць у трапічных краінах — асабліва тады, калі ў Беларусі зіма. Ведаў: дзеля ажыцьцяўленьня мары трэба шмат грошай. І я 21 год настойліва працаваў — удзень і ўначы, на дзьвюх працах. Бывала, і недасьпіш, і недаясі. З дадатковай працы грошы адкладваў на ашчадную кніжку. А з 1975 году з ашчадкніжак я пачаў пераходзіць на набыцьцё аблігацыяў дзяржаўнай 3-адсоткавай пазыкі 1966-га, а затым 1982-га году. І радаваўся: калі-небудзь пабываю ў Інданэзіі, ці ў Індыі, ці ў Бразыліі. ... Але потым настаў 1991 год, і ад маіх ашчаджэньняў нічога не засталося. Я шмат разоў езьдзіў у Менск, каб хоць часткова вярнулі мне мае працоўныя грошы. Але мяне ні да аднаго начальніка нават не пусьцілі. Раней пісаць на Свабоду я баяўся — раптам прычэпяцца. А цяпер ужо не баюся.

Ведаю, Джордж Сорас дае свае вялікія грошы розным краінам, але простыя людзі іх ня бачаць. Скажыце, калі ласка, як і калі Сораса можна ўбачыць, каб папрасіць у яго грошай на аднапакаёвую кватэру альбо хоць на нешта каштоўнае?”

Вядомы фінансыст і філянтроп Джордж Сорас, сапраўды, выдаткоўвае вялікія сумы на дабрачынныя мэты, але мэты гэтыя зьвязаныя з грамадзкімі, а не з прыватнымі патрэбамі, спадар Місуна. Грошы з фондаў Джорджа Сораса ідуць на тое, каб у постсавецкіх і постсацыялістычных краінах хутчэй фармавалася грамадзянская супольнасьць, каб людзі вучыліся самастойна прымаць рашэньні і браць на сябе адказнасьць за гэтыя рашэньні, каб яны вучыліся самі сумленна зарабляць такія грошы, якіх хапіла бы на годнае жыцьцё, у тым ліку і на кватэру, і на далёкія падарожжы.

Тацяна Барэль з Асіповічаў адклікнулася на ліст менскай настаўніцы Вольгі Бондаравай, які прагучаў у нашым эфіры 9 траўня. Асабліва закранула спадарыню Барэль наступнае выказваньне зь ліста Вольгі Бондаравай:

“Татарская альбо бурацкая мовы ў Расеі маюць значна больш правоў і дзяржаўнай падтрымкі, чым беларуская мова ў незалежнай Беларусі, — пісала менская настаўніца. — А калі Лукашэнка стане губэрнатарам аўтаномнай Беларускай рэспублікі ў складзе Расейскай Федэрацыі, Крэмль імгненна спыніць ягоныя дыктатарскія замашкі. Дэмакратыі, свабоды, пл0юралізму ў Беларусі стане значна болей, чым цяпер. Прынамсі, нікога за бел-чырвона-белы сьцяг альбо за пікет у камэру кідаць ня будуць”.

Тацяна Барэль з Асіповічаў на гэта адказвае:

“Напэўна, спадарыня Бондарава ня дужа добра ведае гісторыю Беларусі да 1917 году. Успомнім, як ставілася да нашай мовы Расейская імпэрыя, калі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай захапіла беларускія землі ў канцы 18 стагодзьдзя? Калі душыла вызвольныя паўстаньні ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя? Беларуская мова ў імпэрыі ня мела ніякіх правоў: ёй прадаўжала карыстацца толькі самае зьбяднелае насельніцтва. Пра тое, які лёс можа чакаць беларускую мову ў выпадку расейскай анэксіі Беларусі, можна бачыць на прыкладзе таго, якія правы мае беларуская мова і культура на Смаленшчыне. Гэта рэгіён, у якім яшчэ паўстагодзьдзя таму беларусы складалі палову насельніцтва. А цяпер усё беларускае там цалкам вынішчанае.

Так, зараз Расея прапануе нам саюз. Але ў гэты саюз Беларусь павінна ўвайсьці ўжо канчаткова падзеленай на шматкі. Не, спадарыня Вольга, выратаваць нашу мову можам толькі мы самі — цярпліва, зь любоўю перадаючы яе нашым дзецям, што зьберагуць і панясуць яе наступным пакаленьням”.

Ня думаю, спадарыня Барэль, што настаўніцы Вользе Бондаравай невядомыя ўсе гэтыя гістарычныя факты, пра якія вы распавялі. Зь ейнага боку гэта, хутчэй, імкненьне прыцягнуць увагу да лёсу беларускай мовы. Бо і сапраўды, мовы нацыянальных меншасьцяў у Расеі маюць куды больш правоў і магчымасьцяў, чым фармальна дзяржаўная мова тытульнай нацыі ў незалежнай беларускай дзяржаве.

На заканчэньне ліст ад Іны Аўчарэнкі зь вёскі Варкавічы Слуцкага раёну. Слухачка піша:

“Я працую паштальёнам у вёсцы. Так здарылася, што ў красавіку адзін чалавек, які пераехаў з гораду ў дом сваёй маці, выпісаў “Народную волю”. Пакуль што гэта адзіная “Народная воля” на маім участку. Пражыўшы больш за сорак гадоў, раней я ніколі не цікавілася палітыкай — ні ў савецкі час, ні потым. А тут прачытала адзін нумар газэты, у якой пра ўсе падзеі напісана ня так, як пра гэта гавораць начальнікі — і падзеі ў краіне пачалі мяне хваляваць. Я пачала зь нецярпеньнем чакаць наступнага нумару газэты. Сваімі ўражаньнямі падзялілася з мужам. Ён паказаў мне, як настроіцца на радыёстанцыю Свабода.

На першым часе Свабоду я слухала са сьлязамі на вачах. Мая родная мова, якую я так кепска ведаю... Гэтая музыка так соладка гучыць, і так запозьнена прыйшла любоў да яе! Гэта становіцца неабходным мне ў жыцьці. У 30 год у мяне было слабое здароўе. Адсюль пачаўся няпросты шлях да Бога. Пачалася перапіска з выдатным амэрыканскім прапаведнікам Рыкам Рэнэрам. З Богам, зь Ягоным словам для чалавека няма нічога немагчымага. Але нашай уладзе Божыя словы — ня ўказка. Яна Ягоныя словы замяніла сваімі, і ўзяла Ягоныя паўнамоцтвы на сябе. Прападае сама і губіць народ”, — напісала ў сваім лісьце на Свабоду Іна Аўчарэнка зь вёскі Варкавічы Слуцкага раёну. Яна таксама прызналася, што гэты ліст — першае ў яе жыцьці сачыненьне на беларускай мове.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Мікалай Дзядок, Сымон Барыс зь Менску, Ніна Кірычун зь Берасьця, Галіна Сутула з Глыбокага і Сафія Табола зь вёскі Заазерцы Шаркоўшчынскага раёну. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG