Каля стала, які стаяў на сярэдзіне адной з найбольш вядомых варшаўскіх вуліцаў – вуліцы Хмельнай, усе дзьве гадзіны, пакуль цягнулася акцыя, было людна. Мінакі ахвотна падпісвалі звароты да беларускіх уладаў з патрабаваньнем спыніць перасьлед прафсаюзаў і дасьледаваць справы зьніклых палітыкаў.
(Жыхарка Варшавы: ) “Чаму я падпісалася? Бо трымаць людзей у няволі – гэта вельмі дрэнна. Мая бабуля сядзела у сталінскім лягеры і ня дай Божа, каб гэта ў нас паўтарылася яшчэ раз”.
Сказала беларускай Свабодзе адна з жанчынаў, якая падпісала зварот.
Найбольш цікавай часткай гэпэнінгу быў, несумненна, выгляд яго ўдзельнікаў. Каля дзясятку маладых людзей трымалі вялізны транспарант з надпісам “Лукашэнка – апошні дыктатар Эўропы” і былі апранутыя ў міліцэйскія мундзіры з часоў Польскай Народнай Рэспублікі, а на шапках мелі прыклееныя паперкі з выявай цяперашняга гербу Беларусі.
Акрамя гэтага, дзяўчына, таксама ў міліцэйскай форме, “патрулявала” вуліцу з сабакам.
(Дзяўчына: ) “Гэта сымбалізуе беларускую дыктатуру. У нас таксама калісьці так было, але ўсё зьмянілася ў тым ліку і таму, што нам дапамаглі заходнія краіны. Цяпер мы хочам зрабіць тое самае для Беларусі”.
Каля ўдзельнікаў гэпэнінгу спыніліся і некалькі маладых людзей зь Беларусі.
(Хлопец зь Беларусі: ) “Я вельмі ўражаны, што польскія студэнты бяруць і папросту самі робяць акцыю ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі”.
(Дзяўчына зь Беларусі: ) “Я думаю, што нам папросту трэба не адставаць ад палякаў і тут у Варшаве, і асабліва ў самой Беларусі”.
Цікава, што гэпэнінг у Варшаве арганізавалі студэнты, якія не належаць да ніякай адмысловай арганізацыі, а папросту занепакоеныя сытуацыяй у суседняй краіне.
Вось што сказаў Радыё Свабода ўдзельнік акцыі, студэнт Варшаўскага ўнівэрсытэту Караль:
(Караль: ) “Вельмі часта мы не ўсьведамляем, што ўсяго дзьвесьце кілямэтраў ад Варшавы ёсьць мяжа з краінай, якой кіруе дыктатар. Ён не зьвяртае ўвагі на правы чалавека, на голас міжнароднай супольнасьці. Мы хочам, каб палякі задумаліся над гэтым, бо верым, што сьвядомасьць можа зьмяніць рэчаіснасьць”.