Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАБ АБАРАНІЦЬ МІНІРЫНАК БАБРУЙСКІЯ ГАНДЛЯРКІ ЗЛАДЗІЛІ КРУГЛАСУТАЧНАЕ ДЗЯЖУРСТВА


Марыя Ўсьціновіч, Бабруйск

Сёньня 11-я суткі гандляркі зь мінірынку на вуліцы Батава трымаюць дзяжурства: удзень гандлююць садавіной-гароднінай, ўначы пільнуюць свае працоўныя месцы. Гэта неабходнасьць, упэўненая гандлярка Галіна.

(Галіна: ) “Калі б мы не дзяжурылі, то яго даўно б зьвезьлі. Нават ноччу падагналі трактар і людзей, і ноччу пагрузілі б”.

Гандляркі гавораць, што за мінірынак змагаецца паўсотні жанчынаў, і маладзейшыя зь іх згодна з графікам дзяжураць уначы. Вось што распавядае пра начныя дзяжурствы Сьвятлана.

(Сьвятлана: ) “Я сёньня начавала на рынку. Нас было 6 чалавек. Зімовы кажух, зімовая куртка, невялікая падушка, каб пакласьці пад галаву. Хто ляжыць, хто сядзіць, хто ходзіць. Мы ўжо застанемся да апошняга. Куды нам здавацца? Будзь што будзе”.

Жанчыны распавялі, што да рынку ўжо пад’яжджала тэхніка, аднак гандляркі з дапамогай пакупнікоў адстаялі свае латкі.

Потым пэнсіянэркі з рынку спэцыяльна сустракалі кіраўніка бабруйскай “вэртыкалі” Міхаіла Бандарэнку на ганку гарвыканкаму і прасілі ягонай дапамогі, аднак ён, паводле словаў гандлярак, адказаў, што робіць эўрапейскі горад і мінірынкі псуюць ягоны “эўрапейскі” выгляд. Тады жанчыны напісалі ліст у міністэрства гандлю і да Аляксандра Лукашэнкі асабіста, цяпер чакаюць адказу.

Між тым, заўтра на паседжаньні Бабруйскага гарвыканкаму будзе абмяркоўвацца становішча вакол мінірынку на вуліцы Батава. Пра гэта паведаміла кіраўніца ўправы гандлю Зінаіда Луніхіна.

(Луніхіна: ) “Я мяркую, што нічога не зьменіцца, таму што меркаваньне ўсіх службаў, што ён не патрэбен, гэты рынак”.

З іншага боку, гандляркі зь мінірынку сьцьвярджаюць, што калі кругласутачная абарона рынку і скаргі ў Менск не дапамогуць, яны гатовыя да больш рашучага пратэсту.

(Сьвятлана: ) “Калі мінірынак зьнішчаць, то мы, натуральна, ідзем да Белага дому з галадоўкай. А што рабіць? Павінен жа нехта паказаць нашым уладам, што можна ім супрацьстаяць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG