Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ДЭМАКРАТЫ БАЛТЫІ ВЫРАШЫЛІ АБ’ЯДНАЦЦА


Тацяна Поклад, Вільня

Гэтымі выходнымі ў Вільні ўрачыста адзначалася 15-годзьдзе Таварыства беларускай культуры ў Літве. Вынікам канфэрэнцыі, у якой бралі ўдзел прадстаўнікі беларускіх суполак Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Чэхіі, Калінінграду, стала ўтварэньне новага аб’яднаньня – Асацыяцыі беларускіх дэмакратычных культурных арганізацыяў балтыйскіх краінаў.

Хведар Нюнька, старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве:

(Нюнька: ) “Першая ініцыятыва была ад латвійскіх беларусаў, – аб’яднацца, каб адрозьнівацца ад тых калябарантаў, якія жывуць сёньня на падачках зь Менску, ад цяперашняга рэжыму. Таму зьявілася такая ініцыятыва – стварыць асацыяцыю беларускіх культурных дэмакратычных арганізацыяў, у якую ўвойдуць беларускія суполкі Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы. Пачалася афіцыйная рэгістрацыя. Гэта аб’яднаньне тых беларусаў, якія шчыра стаяць на пазыцыі змаганьня за незалежную й свабодную Беларусь”.

Паводле словаў старшыні латвійскай беларускай суполкі Вячкі Целеша, “цяпер, калі адышлі суполкі, што падтрымліваюць беларускі рэжым, працаваць будзе лягчэй”.

Маргарыта Астравумава, якая ачольвае Беларуска-эстонскае згуртаваньне, адзначыла, што канфрантацыя дыктатарскаму рэжыму ня будзе азначаць поўнага спыненьня кантактаў зь Беларусьсю.

(Астравумава: ) “Нашая мэта – не разьядноўваць, але аб’ядноўваць беларусаў. Калі мы ня згодныя з палітыкаю беларускага кіраўніцтва, гэта зусім не азначае, што мы не павінны мець сувязі зь Беларусьсю наагул. І калі нават, да прыкладу, мы зьвяртаемся ў Міністэрства культуры ці яшчэ да якой дзяржаўнай арганізацыі, дык гэта ня значыць, што мы здраджваем нашым дэмакратычным прынцыпам”.

Асацыяцыю стварылі, апрача літоўскага ТБК, суполка беларусаў Латвіі “Сьвітанак”, Беларуска-эстонскае згуртаваньне, Беларускае гістарычнае таварыства з Польшчы. Да аб’яднаньня, як вырашана, змогуць далучыцца й беларусы з Калінінграду. Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства Алег Латышонак выказаў прапанову, каб супольныя дзеяньні былі накіраваныя й на адстойваньне інтарэсаў беларусаў у Эўразьвязе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG