Асноўнымі кропкамі сутыкненьня паміж трыма народамі, на думку апытаных, зьяўляюцца супольнае гістарычнае мінулае, роднасныя сувязі й супадзеньне эканамічных інтарэсаў. Пры гэтым калі для расейцаў на першым месцы стаіць супольнае гістарычнае мінулае, то для украінцаў і беларусаў – эканамічныя інтарэсы.
Паказальна, аднак, што менавіта ў Беларусі найбольшы працэнт апытаных адказалі, што для збліжэньня трох народаў няма аніякіх падставаў. У Беларусі гэтак лічыць 10%, у той час як у Расеі і Украіне – па 6% апытаных.
Але найбольш сэнсацыйныя, на нашую думку, дадзеныя былі атрыманыя ў адказ на наступнае пытаньне “Калі бы вы маглі выбіраць, дзе б вы хацелі жыць?”
“У сваёй уласнай краіне” – гэтак адказалі 51% расейцаў, 32% украінцаў, і 28% беларусаў. Столькі ж, 28% беларусаў, заявілі, што хацелі б жыць у аб’яднанай Эўропе, у той час як у Расеі пра гэта заявілі толькі 11%, а ва Ўкраіне – 15%.
У адрозьненьні ад расейцаў і ўкраінцаў, беларусы менш за іншых хацелі б жыць і ў адноўленым СССР – 15%, у той час як у Расеі і Ўкраіне – па 19%.
І, нарэшце, колькасьць ахвотных жыць у аб’яднаным саюзе Беларусі, Расеі і Ўкраіны – у Беларусі – 17%, у Расеі – 9%, і ва Ўкраіне 23%.