Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЯТРО ВАСЮЧЭНКА АТРЫМАЎ “ГЛІНЯНАГА ВЯЛЕСА” ЗА ПАНОЎ


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Сёлетняе Вялесаваньне ўжо адзінаццатае па ліку, і гэтым разам экспэртная рада зь ліку 12 адмыслоўцаў прызнала найлепшай кнігай прыгожага пісьменства “Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі”, якую напісаў празаік Пятро Васючэнка і якая выйшла летась у выдавецтве “Мастацкая літаратура”.

Заўважым, што ў адрозьненьне ад дзяржаўных прэміяў асноўным крытэрам “Глінянага Вялеса” зьяўляецца ня стаўленьне аўтара да ўладаў, а выключна ягоны талент. Адцемім таксама, што сёлета ўпершыню ганаруецца аўтар дзіцячай кніжкі. Чаму экспэрты ўпадабалі менавіта яе? Гэтае пытаньне я задаў кіраўніку Таварыства вольных літаратараў і заснавальніку прэміі Алесю Аркушу:

(Аркуш: ) “Сёлета ўпершыню “Глінянага Вялеса” атрымаў аўтар дзіцячай кнігі Пятро Васючэнка. Мне здаецца, што гэта не выпадкова, бо апошнім часам беларуская літаратура шукае падставовыя, клясычныя творы. Вось гэтая кніжка “Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі”, на маю думку, і стане падставовай у беларускай дзіцячай літаратуры”.

Праўда, сам Пятро Васючэнка сьцьвярджае, што пісаў кнігу ня толькі для дзяцей, але й для дарослых. Слова ляўрэату:

(Васючэнка: ) “Вялікае шчасьце для Беларусі мець шэраг літаратурных прэміяў – дзяржаўных і недзяржаўных, – сярод якіх і тая, якая некалі прыдумалася ў галаве кіраўніка Таварыства вольных літаратараў Алеся Аркуша. Дзеля гэтай прэміі ня шкода праехаць 230 кілямэтраў зь Менску да Полацка, ня шкода… бо “Гліняны Вялес” нагадвае пра тое рэчыва, зь якога колісь паўстаў і ён сам, і ўсё чалавецтва. Ня шкода, бо атрымліваеш гэтую прэмію за кнігу, якую пісаў для чытачоў ад 8-мі да 85-ці гадоў”.

Ляўрэат нарадзіўся ў Полацку, а таму значную частку свайго вялесаўскага спавешчаньня прысьвяціў крыўскай сталіцы, жартам назваўшы яе “інкубатарам беларускіх пісьменьнікаў”. Ён паведаміў, што на прыкладзе сваіх герояў – паноў Кубліцкага ды Заблоцкага, паспрабаваў сьцьвердзіць асноватворны прынцып жыцьця: чалавек мусіць быць ня там, дзе ён карысны дзяржаве, а там, дзе яму добра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG