У сваёй кнізе Ніна Баршчэўская, сярод іншага, піша пра асаблівасьці беларускай мовы, шматгадовыя намаганьні стваральнікаў беларускіх выданьняў за мяжой у справе захаваньня яе чысьціні, пра ўплыў русыфікацыі ды ўвогуле пра значэньне мовы для будаваньня нацыянальнай тоеснасьці.
Прэзэнтацыя ў пэўным часе ператварылася ў дыскусію, у часе якой, былі ўзьнятыя найбольш балючыя для беларускай мовы пытаньні – русыфікацыя і вяртаньне да клясычнага правапісу. Спадарыня Баршчэўская, дарэчы, напісала сваю кнігу клясычным правапісам, на “тарашкевіцы”.
(Баршчэўская: ) “Я думаю, што кожны, хто цяпер піша ці выдае нешта на “тарашкевіцы” ці “наркамаўцы” бярэ ўдзел у дыскусіі пра тое, якім гэты правапіс павінен быць, які больш адпавядае ўласьцівасьцям беларускай мовы. На маю думку, гэта “тарашкевіца”.
Прысутныя, сярод якіх былі выбітныя знаўцы беларускае мовы, перакладчыкі ды творчыя асобы, зь меркаваньнем аўтаркі пагадзіліся.
Адзінадушнае было і меркаваньне пра адмоўны ўплыў на беларускую мову афіцыйнага адыходу ад беларусізацыі, які распачаўся пасьля 1994 году.
Гаворыць выбітны польскі перакладчык беларускай літаратуры Чэслаў Сэнюх.
(Сэнюх: ) “Пакуль улада будзе перашкаджаць уваходу мову на службу народу ў школе, на вуліцы, да таго часу мова будзе праблемай. Ня будзе служыць народу, а будзе зьявай музэйнай. Можа пару літаратараў будуць трымацца яе. Але як доўга? Ці можна зь яе выжыць у Беларусі? Быкаў ня мог. Вось вам і адказ, вось праблема. Трэба, каб дзяржава дапамагала жыць мове ў сваім народзе – вось і ўсё”.