"ПА-ЗА ТАКТАМ", 22 траўня
На пачатку траўня адбыліся канцэрты адноўленага фэстывалю народнай музыкі "Таўкачыкі". Журналіст Дзьмітрый Падбярэскі наведаў Любаншчыну, дзе прайшоў трэці, заключны канцэрт фэстывалю. А вось чаму "Таўкачыкі" прывандравалі са сталіцы ў Любанскі раён і што там адбывалася, вы і пачуеце ў чарговым выданьні праграмы "Па-за тактам".
"ВОСТРАЯ БРАМА", 23 траўня
Днямі споўнілася 350 гадоў ад пачатку самай страшнай вайны ў беларускай гісторыі. Тады 13-гадовая акупацыя краіны войскамі маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча мела вынікам поўнае разбурэньне гарадоў і гібель кожнага другога тагачаснага беларуса. У новай перадачы "Вострая Брама" пра тую засакрэчаную ўладамі і невядомую большасьці нашых сучасьнікаў[ вайну распавядаюць пісьменьнікі Сакрат Яновіч і Ўладзімер Арлоў.
"ПРАСКІ АКЦЭНТ", 23 траўня
Які вынік шматмесячнага газавага супрацьстаяньня Беларусі і Расеі? Ці сьведчаць апошнія выступы кіраўнікоў "Газпрому", што расейскі газавы канцэрн пайшоў на саступкі Беларусі? Як ставіцца Расея да трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі? Ці мае намер праводзіць у Беларусі апэрацыю "Пераемнік"?
На гэтыя тэмы ў "Праскім акцэнце" разважаюць рэдактар газэты "Наша Ніва" Андрэй Дынько, рэдактар інтэрнэт-выданьня "Беларускія навіны" Аляксандар Класкоўскі і публіцыст Андрэй Суздальцаў.
"ВОЛЬНАЯ СТУДЫЯ", 23 траўня
Госьць Міхася Скоблы - археоляг, супрацоўнік менскага Цэнтру па рэгенэрацыі гісторыка-культурных ляндшафтаў і тэрыторый Пятро Русаў. Чаму галоўным архітэктарам Менску стаў мяшок з грашыма? Ці варта клянаваць архітэктурныя помнікі? Якім помнікам Менск мог бы прывабіць замежных турыстаў?
"ПАШТОВАЯ СКРЫНКА 111", 23 траўня
Калі ў Беларусі спатрэбіцца досьвед дэмакратычнай журналістыкі?
Што замінае людзям, якія незадаволеныя сваім становішчам, адкрыта выказваць грамадзянскі пратэст?
Чаму дзяржаўны статус беларускай мовы ня здольны супрацьстаяць русыфікацыі ў Беларусі?
Над гэтым разважаюць нашыя слухачы ў лістах на Свабоду. Яны таксама выказваюць заўвагі і прапановы наконт некаторых праграмаў.
Сярод тых, чые лісты прагучаць у праграме "Паштовая скрынка 111" - Мікола Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёна, Аксана Новікава і Валеры Грыцук зь Менску, Барыс Япішка зь вёскі Залядыньне Іванаўскага раёна, Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёна і Аляксандар Літвінчык зь вёскі Дзешкавічы Зэльвенскага раёна.
Слухай у Real Audio