Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО БУДЗЕ, КАЛІ 30 ДЗЁН ЗАПАР ХАРЧАВАЦЦА Ў “МАКДОНАЛДС”?


Ганна Соусь, Прага

Аўтар фільму 32-гадовы Морган Спарлак вызначыў для сябе наступныя правілы на адзін месяц – харчавацца тройчы на дзень толькі ў “МакДоналдс”, за гэты час паспрабаваць кожную страву хаця б аднойчы, пагаджацца, калі яму будуць прапаноўваць замовіць павялічаную порцыю.

Вынікі гэтага экспэрымэнту аказаліся сапраўды жахлівыя.

Напярэдадні лекары прагназавалі, што Морган набярэ крыху лішняй вагі й будзе мець трохі падвышаны ўзровень халестэрыну. Але вынік быў значна больш заўважным: ён набраў 11 з паловай кіляграмаў, а ўзровень халестэрыну лекары назвалі вельмі небясьпечным для ягонай пячонкі.

Морган Спарлак стаў прыгнечаным, пакрыўся плямамі, яму балела галава, і ён страціў сэксуальную актыўнасьць. Лекары настойліва папрасілі яго скончыць экспэрымэнт раней за заплянаваныя 30 дзён. Ад набранай лішняй вагі ён пазбаўляўся 14 месяцаў пры дапамозе сяброўкі, кухара вэгетарыянца, пэўны час правёў у адмысловай клініцы для пахудзеньня.

Тым ня менш Морган Спарлак усё яшчэ вельмі хоча зьесьці “БігМак”, і калі набывае нешта ў “МакДоналдс”, то адзначае, што ўжо праз некалькі гадзінаў ізноў хоча зьесьці нешта адтуль. Пра гэта піша журналістка Мэры Эн Стэйгард з брытанскага выданьня “Таймс”, адзначаючы, як хутка “чалавек можа пераўтварыцца ў тыповага амэрыканскага таўстуна з Флорыды”. Журналістка перадае свае ўражаньні ад візыту ў “Дыснэйлэнд” у ЗША.

Большасьць наведнікаў парку складаюць агромістыя таўстуны, у кожнага ў руках бутэлька “Кока-Колы”, булка з начынкай ці цукеркі. Што яшчэ зьдзівіла журналістку, дык гэта порцыі ў рэстарацыях. Мэры Эн Стэйгард адзначае, што адной порцыі хапіла бы на ўсё яе сям’ю з чатырох чалавек на вячэру. І амаль усё, нават крэвэткі для салата Цэзара смажыцца ў фрыцюры.

Лайза Янг, прафэсарка харчаваньня з Нью-Ёркскага унівэрсытэту вывучала памеры порцыяў амэрыканцаў, пачынаючы з 1970-х гадоў і прыйшла да высновы, што ў сярэднім з таго часу яны павялічыліся амаль ўдвая. Прыкладам стандартная плітка шакаляду стала ўдвая большай, рагалік гэтаксама... Тое, што раней лічылася стандартнай порцыяй у “МакДональдс”, цяпер называецца маленькай порцыяй. А калі нам даюць болей харчоў, то мы іх зьядаем, адзначае карэспандэнтка брытанскага выданьня “Таймс”.

Тыповы амэрыканец штотыдзень зьядае тры гамбургеры і чатыры порцыі фрытак (бульбы фры). Такім чынам экспэрымэнт Моргана Спарлака, хаця і празьмерны, але ёсьць ня больш, чым паскоранай вэрсіяй дыеты яго суайчыньнікаў. Пасьля выхаду ў сьвет фільму Спарлака “МакДоналдс” абвесьціў, што больш ня будзе прапаноўваць порцыі павялічаных памераў і дадасьць больш “здаровых” варыянтаў страваў да свайго мэню – хаця, напрыклад, той жа хрусткі курыны салат Цэзара ўтрымвае болей калёрыяў, чым “БігМак”. І гэтае пашырэньне мэню – ня больш чым маркетынгавыя хітрыкі, якія не дадуць сьвядомаму сямейству адмовіцца ад абеду ў “МакДоналдс”, адзначае брытанскае выданьне “Таймс”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG