Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДМОВІЛІ Ў РЭГІСТРАЦЫІ “БЕЛАРУСКАГА ЛІЦЭЮ”


Любоў Лунёва, Менск

Заснавальнікі “Беларускага ліцэю”, сярод якіх выкладчыкі і бацькі навучэнцаў, абураныя рашэньнем гарадзкога суду. Нагадаем, летась у кастрычніку заснавальнікі новай арганізацыі зьвярнуліся ў Мінюст па рэгістрацыю. Сярод заснавальнікаў “Беларускага ліцэю” прадстаўнікі бацькоўскай рады, а старшынём арганізацыі абралі прафэсара Міхася Тычыну. Пасьля таго, як Мінюст адмовіў у рэгістрацыі, зьвярнуліся са скаргай у суд Ленінскага раёну. Але суд пагадзіўся з пазыцыяй Мінюсту.

Заснавальнікі “Беларускага ліцэю” ня мелі вялікіх спадзяваньняў, калі падавалі скаргу ў гарадзкі суд. Гарадзкі суд адмовіў у рэгістрацыі, спаслаўшыся на артыкул 12, згодна зь якім забаронена ўжываць у назьве арганізацыяў слова “беларускі”.

Намесьніцу дырэктара ліцэю імя Якуба Коласа Ірыну Сідарэнку ў новай арганізацыі абралі на аналягічную пасаду. Яна пракамэнтавала судовае рашэньне Радыё Свабода:

(Сідарэнка: ) “Увесь наш калектыў і мяне асабіста не зьдзіўляе чарговае рашэньне суду. Увогуле, як мы існавалі з пачатку году, калі дзяржава адмовілася ад нас, так яна зноў пацьвердзіла ўсё гэта ў сваім рашэньні. Нягледзячы на ўмовы, у якіх мы працавалі, мы здолелі вытрымаць гэты навучальны год. Цяпер па выніках экстэрнату мы можам ганарыцца нашай працай і працай нашых дзяцей. Вельмі шкада, што чыноўніцтва так абыякава ставіцца да лёсу нашай краіны, бо дзеці, якія вучацца ў гэтым ліцэі, — гэта будучыня нашай краіны. Хачу пажадаць ім больш гуманнасьці, больш сур’ёзнага стаўленьня да прафэсійных людзей, якія жывуць у гэтай краіне”.

Заснавальнікі “Беларускага ліцэю” вырашылі прайсьці праз усе судовыя інстанцыі. Яны не выключаюць, што ў пэрспэктыве будуць зьвяртацца ў міжнародны суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG