Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАМЕСТ БЕЛАРУСІ НЕМЦЫ НАКІРАВАЛІ СВОЙ ГУМАНІТАРНЫ ГРУЗ У СЛАВАЧЧЫНУ


Ул. інф.

Як піша “Westfalische Allgemeine Zeitung”, нямецкае таварыства дапамогі шпіталям мае досьвед пасьпяховага супрацоўніцтва з Усходняй Эўропай. Усе 45 папярэдніх гуманітарных канвояў без праблемаў траплялі ў самыя розныя краіны, у тым ліку Расею, Украіну, і выклікалі толькі словы падзякі з боку тамтэйшага мэдычнага кіраўніцтва. Сорак шосты канвой, да якога немцы рыхтаваліся ад лістападу, напаткалі праблемы. Напярэдадні адпраўкі грузу ў Беларусь зь Менску паведамілі, што таварыства дапамогі мусіць прадставіць на кожную адзінку свайго грузу адпаведны сэртыфікат якасьці краіны-вытворцы.

“Зразумела, у нашым канвоі рэчы ня толькі нямецкай вытворчасьці, але і іншых краінаў Эўразьвязу. Напрыклад, француская мука, якую мы меліся перадаць у вясковыя шпіталі, — заявіў прадстаўнік арганізацыі доктар Роланд Лангнэр. — Траціць час на пошукі розных папераў у розных краінах мы, на жаль, ня можам”. Таму, паводле доктара Лангнэра, таварыства прыняло рашэньне акіраваць груз туды, дзе падобных бюракратычных бар’ераў няма — у Славаччыну.

У колах актывістаў нямецкіх гуманітарных ініцыятываў выпадак абмяркоўваецца ўжо некалькі дзён запар. Хельгэ Крамэр з вэстфальскай чарнобыльскай групы лічыць падобныя дзеяньні Менску незразумелымі, асабліва ўлічваючы цяперашні агульны стан большасьці беларускіх шпіталяў.

(Крамэр: ) “Напэўна, у Менску ёсьць свая пэўная лёгіка, пра якую нямецкія партнэры могуць толькі меркаваць. Нашыя калегі — прадстаўнікі камітэту гуманітарнай дапамогі з Эбэрсвальдэ, якія зьбіраліся накіроўваць свой канвой у чэрвені і якія цяпер вымушаныя думаць пра іншых партнэраў, тлумачаць сытуацыю так: альбо Лукашэнка наўмысна зьбіраецца ізаляваць сваю краіну, альбо чыноўнікі на мяжы спадзяюцца на чарговы хабар. У любым выпадку ў Славаччыне дапамозе радыя, хаця для Беларусі яна больш істотная і неабходная”.

У гуманітарным грузе, за які немцам удзячныя славацкія мэдыкі, ня толькі француская мука. Тут ёсьць і шпітальныя ложкі, і дапаможны матэрыял для апэрацыйных, шматлікія пальчаткі, бахілы, шапкі, апэрацыйныя касьцюмы — баваўняныя штаны і вопратка з кароткім рукавом, у якіх хірургі, як яны кажуць, рыхтуюцца да апэрацыі альбо апрацоўваюць свае рукі.

Беларускія медыкі з чатырох шпіталяў — раённага, гарадзкога, абласнога і рэспубліканскага падпарадкаваньня, зь якімі я зьвязвалася, пракамэнтавалі выпадак у вельмі рэзкіх выразах. Яны лічаць, што цяперашняя сытуацыя ў дзяржаўных мэдычных установах горшая за тую, што была пяць-сем гадоў таму, калі ў краіну актыўна паступала гуманітарная дапамога. Тыя рэчы, што цяпер выпускае айчынная вытворчасьць, напрыклад, апэрацыйныя касьцюмы, якія не прапускаюць паветра, проста непрыдатныя для шматгадзіннай працы хірурга.

Вядомы хірург з 25-гадовым стажам Уладзімір зь менскага Дзіцячага хірургічнага цэнтру быў найбольш стрыманы ў ацэнках:

(Уладзімер: ) “Сёньня не было ў чым памыцца. Касьцюмаў не было, не было ў што пераапрануцца. Голыя мыліся. Бардак вакол. Няма апэрацыйных касьцюмаў. Я хадзіў голы па апэрацыйнай, пакуль мне не знайшлі халат. Добра, што фігура яшчэ нармальная і хворыя не палохаліся. Пальчатак няма. Бахілаў няма. Няма нічога неабходнага для працы. Сытуацыя надзвычай кепская! Славаччына не адмаўляецца, а мы адмаўляемся, хаця ў іх лепш, чым у нас. Але яны не адмаўляюцца — і правільна робяць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG