Калі 2 траўня Лешэк Міллер зышоў у адстаўку, прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі ў адпаведнасьці з польскай канстытуцыяй запрапанаваў на гэтую пасаду новага кандыдата – гэта былы міністар фінансаў, прафэсар Марэк Бэлька.
Аднак за кандыдатуру Бэлькі й сябраў ягонага кабінэту прагаласавалі толькі дэпутаты-посткамуністы, і новы ўрад ня змог атрымаць вотум даверу парлямэнту.
Прэзыдэнт, аднак, папрасіў урад Марэка Бэлькі выконваць свае абавязкі, пакуль, у адпаведнасьці з канстытуцыяй, ня будзе зроблены чарговы крок у справе вылучэньня новага прэм’ера – цяпер імя кандыдата павінен назваць Сэйм.
Калі большасьць дэпутатаў у Сэйме не пагодзяцца на нейкую канкрэтную кандыдатуру, дык свайго кандыдата на зацьверджаньне дэпутатаў яшчэ раз вылучае прэзыдэнт. У выпадку паўторнай адмовы Сэйму, адбываюцца датэрміновыя выбары.
Менавіта датэрміновых выбараў і дамагаецца апазыцыя, паводле якой кіруючыя левыя ўжо вычарпалі ліміт сваіх магчымасьцяў, і іхнае знаходжаньне ва ўладзе толькі шкодзяць краіне.
У любым выпадку, палітыка Польшчы ў дачыненьнях зь Беларусьсю наўрад ці зьменіцца. Калі будзе зацьверджаны ўрад Марэка Бэлькі, дык ў ягоным складзе застаецца міністар замежных справаў з папярэдняга ўраду Цімашэвіч.
У сваю чаргу, калі будуць датэрміновыя выбары, якія напэўна выйграюць правыя, дык яны таксама не дэкляруюць нейкіх кардынальных зьменаў што да дачыненьняў зь Менскам.