Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЫНІКУ ТЭРАКТУ ЗАБІТЫ СТАРШЫНЯ КІРОЎНАЙ РАДЫ ІРАКУ


Ганна Соусь, Прага

Дзейны старшыня Кіроўнай рады Іраку Абдул Захра Отман Махамад, больш вядомы як Ізэдын Салім, загінуў сёньня ў выніку раненьняў, атрыманых падчас выбуху аўтамабіля ў заходняй частцы Багдаду, дзе месьцяцца будынкі амэрыканскай адміністрацыі ў Іраку. Разам зь ім былі забітыя яшчэ некалькі чалавек.

Салім стаўся ўжо другім сябрам Кіроўнай Рады Іраку, якога забілі экстрэмісты. Летась у верасьні была застрэленая Акіла аль-Хасімі, якая таксама ўваходзіла ў Кіроўную раду.

Забойства Саліма адбылося за 6 тыдняў да перадачы ўлады ад сілаў кааліцыі пераходнаму ірацкаму ўраду. Галоўны амэрыканскі адміністратар у Іраку Пол Брэмэр выказаў шкадаваньне з прычыны тэракту, назваўшы яго “ганебным”.

Брытанскі міністар замежных справаў Джэк Стро абвінаваціў тэрарыстаў у спробе перашкодзіць перадачы сувэрэнітэту ірацкаму пераходнаму ўраду.

(Стро: ) “Пра што гэта сьведчыць – што тэрарысты і паўстанцы ў Іраку спрабуюць перашкодзіць мірнай перадачы ўлады ад акупацыйных уладаў ірацкаму народу, і што гэтыя тэрарысты зьяўляюцца ворагамі непасрэдна саміх іракцаў”.

Гэта была заява кіраўніка МЗС Вялікабрытаніі Джэка Стро. Забойства Саліма гэтаксама асудзіў часовы міністар замежных справаў Іраку Хошыяр Зэбары падчас выступу на эканамічным форуме ў Ярданіі.

Дзейнасьць Кіроўнай рады Іраку моцна крытыкуецца паўстанцамі, якія вядуць барацьбу зь сіламі кааліцыі ў Іраку. Паўстанцы абвінавачваюць раду ў супрацоўніцтве з акупацыйнымі ўладамі. Аднак будучыня Кіроўнай рады пасьля 30 чэрвеня выклікае сумневы.

Адмысловы пасланьнік ААН ў Іраку Лахдар Брахімі ўхваляе роспуск Кіроўнай Рады пасьля 30 чэрвеня з тым, каб стварыць больш шырокі, больш кампэтэнтны ўрад, які будзе кіраваць краінай да правядзеньня выбараў у наступным годзе. Лахдар Брахімі назваў Саліма патрыётам Іраку, які “шчыра і самааддана працаваў дзеля аднаўленьня сувэрэнітэту і моцы Іраку”.

Кіраўнік ісламскага руху “Даава” Ізэдзін Салім вядомы гэтаксама як пісьменьнік, філёзаф і рэдактар. Ён выступаў за мірнае разьвязаньне канфліктаў у Іраку. Некалькі дзён таму ён даў інтэрвію для Радыё Свабода / Радыё Свабодны Ірак.

(Салім: ) “Я думаю, што ёсьць шмат фактараў, якія могуць дапамагчы змагацца з тэрарызмам. Сярод іх – культурніцкая кампанія адначасова з правядзеньнем больш шырокай кампаніі супраць беднасьці, якая мае на мэце клопат пра моладзь і яе патрэбы, пра бедныя сем’і й родных ахвяраў. Апроч таго, улады павінны дзейнічаць праз палітычныя рухі. Ёсьць шмат рухаў, якія павінны браць удзел у палітычным працэсе для таго, каб стрымліваць тэрарызм у нашай краіне”.

Гэта быў запіс голасу Ізэдзіна Саліма, старшыні Кіроўнай рады Іраку, які сёньня быў забіты ў Багдадзе ў выніку тэрарыстычнага акту.

Матывы нападу пакуль ня ясныя, аднак паводле аднаго зь сябраў Кіроўнай рады Салема аль-Хафаджы, гэтае забойства было накіраванае на распальваньне рэлігійнага падзелу ў Іраку, дзе існуюць рознагалосьсі паміж шыіцкай большасьцю краіны і мусульманамі– сунітамі, а таксама курдамі, якія складаюць меншасьць у Іраку.

Кіроўная рада Іраку абрала Газі Машала Аджыла аль-Явэра, інжынэра-будаўніка з Масулу старшынём Рады. Ён будзе на гэтай пасадзе да перадачы ўладных паўнамоцтваў пераходнаму ўраду Іраку 30 чэрвеня.

У сувязі са складанай сытуацыяй у Іраку ЗША пачалі перамовы аб пераводзе часткі войскаў ЗША, якія цяпер дысьлякуюцца ў Паўдзённай Карэі, у Ірак. Цяпер у Паўдзённай Карэі знаходзяцца 37 тысячаў амэрыканскіх вайскоўцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG