У рабочую дэпутацкую групу, якую ўзначальвае Валеры Ліпкін, увайшлі 12 парлямэнтароў. Сярод іх і Ўладзімер Навасяд, які гаворыць, што галасаваньне прайшло раптоўна і хутка:
(Навасяд: ) “Гэта было занадта хуткае рашэньне. Сёньня група зьбіраецца, і за паўгадзіны да пачатку ўсім абвяшчаюць, што патрэбна быць на паседжаньні. Я ўвогуле не пасьпеў падысьці, дэпутат Парфяновіч таксама. Там было дзевяць чалавек, сем зь якіх галасавалі супраць таго, каб рада Палаты рэкамэндавала дэпутатам разглядаць пытаньне аб зьменах выбарчага заканадаўства”.
Я спытаў дэпутата Навасяда, ці застаецца пасьля такога рашэньня магчымасьць, каб прапанову групы “Рэспубліка” разгледзеў увесь дэпутацкі корпус. Высьвятляецца, што гэта магчыма:
(Навасяд: ) “Ёсьць такая магчымасьць. Незалежна ад таго, што рэкамэндуе рабочая група, рада палаты абавязкова мусіць унесьці гэтае пытаньне на разгляд Авальнай залі. Я так мяркую, што нехта з зацікаўленых дэпутатаў мусіць зьвярнуць увагу сьпікера Папова і ўсіх парлямэнтароў на тое, што рабочая група скончыла працу, і таму патрэбна ўносіць пытаньне ў парадак дня і прагаласаваць. Неабходна нейкім чынам падштурхнуць праблему, бо потым і часу будзе мала, каб прыняць рашэньне. Гэта ж абавязкова трэба будзе прайсьці верхнюю палату Нацыянальнага сходу, а потым перадаць на подпіс прэзыдэнту краіны”.
Сябра дэпутацкай групы “Рэспубліка” Ўладзімер Парфяновіч гаворыць, што ягоныя паплечнікі будуць працягваць змагацца за зьмяненьне выбарчага заканадаўства:
(Парфяновіч: ) “Дэпутацкая група “Рэспубліка” будзе адстойваць у Авальнай залі сваю пазыцыю, каб іншыя дэпутаты нас падтрымалі. Далейшы лёс выбараў, прызнаньне легітымнасьці будучага парлямэнту будзе шмат у чым ад гэтага залежаць”.
***
Нагадаем, што прапановы групы “Рэспубліка” па зьменах у Выбарчы кодэкс утрымліваюць тры асноўныя пазыцыі: пашырэньне правоў назіральнікаў падчас галасаваньня і пры падліку галасоў, абавязковы ўдзел палітычных партыяў у фармаваньні выбарчых камісіяў усіх узроўняў, а таксама скасаваньне пяцідзённага датэрміновага галасаваньня.