Апошнім часам штораз больш лекараў з заходніх раёнаў Польшчы выяжджаюць працаваць у Нямеччыну, дзе ім прапаноўваюць у шмат разоў вышэйшы заробак і лепшыя ўмовы працы.
Рэч у тым, што іхныя калегі-лекары з усходняй Нямеччыны едуць у заходнюю частку краіны, дзе больш плацяць, а на ўсходзе Нямеччыны зьяўляецца ўсё больш вакантных месцаў, якія і займаюць палякі. А гэта, у сваю чаргу, стварае пагрозу недахопу лекараў у заходняй Польшчы.
Паводле дадзеных міністэрства здароўя Польшчы, пасьля 1995 году з краіны ўжо выехалі каля 16 тысячаў лекараў, а цяпер, калі Польшча далучылася да Эўразьвязу, распачынаецца другая хваля эканамічнай эміграцыі, якая можа стаць ня менш масавай.
Кіраўнікі шпіталяў у горадзе Шчэцін упэўненыя, што ўжо ў хуткім часе у іхных у мэдычных установах будзе чуваць мовы ўсходніх суседзяў Польшчы. Бо калі польскія лекары ня хочуць працаваць за 400-500 эўра, таму што ў Нямеччыне ім даюць 4 тысячы, дык для беларусаў і украінцаў паўтысячы эўра гэта досыць добры заробак.
Польскія мэдычныя ўстановы будуць самастойна рабіць дазвол на працу лекарам зь Беларусі ці Ўкраіны. Адзіныя патрабаваньні – гэта высокі прафэсіяналізм і, безумоўна, веданьне польскай мовы.
Пра вакансіі можна даведацца на біржах, ці па-польску “ужэндах працы” (urząd pracy) ў заходнепольскіх гарадох, напрыклад у Шчэціне, па тэлефоне 48 – код Польшчы, 91 – код гораду і далей 42-54-950. Тэлефоны ды адрасы біржаў працы ў іншых польскіх гарадох можна лёгка знайсьці ў інтэрнэце.