Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 16 ДЫ 17 ТРАЎНЯ


Ул. інф.

Сьпярша – пра гістарычныя даты ўчорашняе нядзелі.

16 траўня 1703 году расейскі цар Пётар I заклаў на балацяным беразе ракі Нявы крэпасьць Санкт-Пецярбург. Пазьней крэпасьць будзе называцца Петрапаўлаўскай, яна стане турмою, празь якую пройдуць цэлыя пакаленьні апазыцыянэраў многіх часоў і народаў. Вось жа дату заснаваньня Петрапаўлаўскай крэпасьці і прынята лічыць днём нараджэньня Санкт-Пецярбургу.

І яшчэ адна вязьніца і адзін прыклад пакараньня за вальнадумства згадваюцца ў нашым гістарычным календары 16 траўня. У 1717 годзе славутага францускага мысьляра Вальтэра пасадзілі ў Бастылію за ягоныя сатырычныя вершы. У Францыі ўжо даўно не караюць турмою за паэзію. А вось у Беларусі гэта магчыма. Згадаем, што Славамір Адамовіч правёў за кратамі дзесяць месяцаў за свой верш пра прэзыдэнта Лукашэнку.

Слынныя людзі, што нарадзіліся 16 траўня. Гэта беларускі дзіцячы паэт Васіль Вітка, які прыдумаў віртуальнага піянэра Васю Вясёлкіна, літоўскі празаік Ёнас Авіжус, творы якога перакладаў па-беларуску Алесь Разанаў. І славутая гімнастка Вольга Корбут. Яна нарадзілася ў 1955 годзе ў Горадні, першая ў сьвеце выканала сальта на бервяне, чатыры разы станавілася алімпійскай чэмпіёнкай, а цяпер ужо шмат гадоў жыве ў амэрыканскім горадзе Атлянце.

16 траўня 1985 году Міхаіл Гарбачоў падпісаў “сухі закон“. Пастанова ЦК КПСС і Савету Міністраў СССР называлася “Аб мерах па пераадоленьні п’янства і алькагалізму і выкараненьні самагонаварэньня“.

Цяпер пра сёньняшні каляндар.

17 траўня прыйшлі на сьвет беларускі этнограф Мікола Нікіфароўскі – у другой палове 19 ст. ён дасьледаваў родную Віцебшчыну; і Мікола Ігнатовіч – першы генэральны пракурор незалежнай Беларусі. Нарадзіўся Ігнатовіч у 1940-м годзе ў Адахаўшчыне пад Баранавічамі, працаваў сьледчым, пры падтрымцы БНФ “Адраджэньне” стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР. Генэральным пракурорам Беларусі пабыў адзін год – да свае раптоўнае сьмерці ў канцы 1992-га.

А яшчэ 17 траўня ў розныя гады нарадзіліся італьянскі мастак Сандра Батычэлі і францускі кампазытар Эрык Саці, францускі празаік Анры Барбюс і лідэр украінскіх нацыяналістаў Сымон Пятлюра. Таксама ў гэты дзень прыйшлі на сьвет дзьве расейскія жанчыны-палітыкі беларускага паходжаньня – Галіна Старавойтава і Валерыя Навадворская.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG