Беларусь да гэтага часу ня ёсьць сябрам Усясьветнай гандлёвай арганізацыі (УГА), хаця такое жаданьне беларускія афіцыйныя ўлады выказваюць ужо ня першы год. І толькі ўчора Палата прадстаўнікоў нарэшце ўхваліла два першыя з амаль дваццаці законаў, без прыняцьця якіх немагчыма ўвайсьці ў гэты вядомую ўсясьветную арганізацыю. Што падштурхнула дэпутатаў да гэтага кроку?
Некаторыя дэпутаты клапаціліся: а якія выгады будзе мець Беларусь, калі яна войдзе ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю? Ці патрэбна ёй гэта? А адзін з дэпутатаў, параўноўваючы Беларусь з гэтай арганізацыяй і бяз яе, выказаўся так: “пакуль мы гуляем у падкіднога дурня, а далучымся да разумнейшых, дык і самі ўзьнімемся да ўзроўню прэфэрансу”.
Як высьветлілася, сёньня трэба хутчэй казаць не пра тыя прыбыткі, што яшчэ будуць, а пра тое, што Беларусь страчвае. З-за таго, што да гэтага часу краіна знаходзіцца па-за бортам Усясьветнай гандлёвай арганізацыі, толькі летась згублена сотні мільёнаў даляраў. Пра гэта афіцыйна заявіў у Палаце намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандар Міхневіч.
(Міхневіч: ) “Сёньня абмежаваньні на тэкстыль супярэчаць нормам УГА. Мы не зьяўляемся сябрам УГА, таму нас штогод “падсаджваюць” на 40 мільёнаў даляраў у краінах Эўразьвязу. Другое – гэта сёньняшнія антыдэмпінгавыя выдаткі, якія мы маем па хлёркалію, іншым хімічным валокнам, ніцям і карбаміду. Гэта “цягне” прыкладна на 100 мільёнаў даляраў”.
Доўгі час, калі згадвалася магчымае сяброўства Беларусі ва Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, прадстаўнікі ўладаў, у тым ліку і спадар Міхневіч, казалі, што Беларусь войдзе туды выключна разам з Расеяй.
Расею згадвалі і ўчора. Той жа намесьнік міністра замежных справаў. Але ўжо ў іншым кантэксьце.
(Міхневіч: ) “На сёньня на краіны-сябры УГА, пакуль Расея ня стала сябрам УГА, прыходзіцца дзесьці 35-38 працэнтаў нашага таварнага абароту. Заўтра Расея далучыцца да УГА. І гэта будзе 98 працэнтаў! І калі мы маем вакол сябе такое гандлёвае поле і не зьяўляемся сябрам УГА, то мы проста згубім вялікія перавагі, якія дае сяброўства ў УГА”.
Некаторыя дэпутаты, зь якімі я размаўляў у перапынку паседжаньня, ужо, падобна, ня маюць ніякіх ілюзіяў наконт сумеснага з Расеяй далучэньня да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. Больш таго, цяпер яны нават кажуць, што гэта была тэза толькі афіцыйнага Менску, а Масква ніколі тут не выяўляла асабліва энтузіязму. А вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што гэтая ідэя была з самага пачатку мёртванароджанай.
(Злотнікаў: ) “Не далей як учора міністар эканомікі Расеі спадар Грэф заявіў пра тое, што Расея скончыла свае перамовы з УГА, і яна будзе гатовая ўступаць у гэтую арганізацыю. Што тычыцца Беларусі, дык нам патрэбна прыняць ня два законы, а зьмяніць усё гаспадарчае заканадаўства. Галоўнае ж – Беларусь ня рынкавая краіна, і таму разьлічваць на сумесны з Расеяй уваход ва УГА ня мае сэнсу. Ніколі мы пры такой эканоміцы не далучымся да УГА!”