Ініцыятыва ўшанаваньня памяці Цішкі Гартнага належыць магілёўскай інтэлігенцыі. Мясцовае аддзяленьне Таварыства беларускай мовы сабрала некалькі тысяч подпісаў пад зваротам да ўладаў Магілёўскай вобласьці. Гаворыць кіраўніца абласнога ТБМ Натальля Лебедзева:
(Лебедзева: ) “Гэта літаратар, беларус, які зрабіў надзвычай вялікі ўплыў у беларускай літаратуры 1920–30-х гадоў. Акрамя таго, дакладна ўжо вядома, што апошнія месяцы свайго жыцьця ён правёў у нашай псыхіятрычнай лякарні, і менавіта тут ён пахаваны”.
Зьміцер Жылуновіч (Цішка Гарты — яго літаратурнае імя) быў зь першых дзён утварэньня БССР старшынём рабочасялянскага савецкага ўраду, потым — сябром цэнтральнага выканаўчага камітэту. У 1936 годзе яго арыштавалі, потым зьмясьцілі ў Магілёўскі псыхіятрычны шпіталь. Тут, паводле адных зьвестак, яго расстралялі, паводле іншых — ён скончыў жыцьцё самагубствам.
Пятнаццаць гадоў таму ў Пячэрскім лесапарку, непадалёк ад псыхіятрычнага шпіталю грамадзкія актывісты ўсталявалі часовы мэмарыяльны знак: крыж, выява разьбітага сэрца, надпіс “Цішка Гартны” і гады жыцьця. У дзень яго народзінаў з ініцыятывы “Магілёўскага мартыралёгу” тут звычайна ладзяцца хвіліны жалобы.
З часам знак прыйшоў у заняпад, і таму інтэлігенцыя лічыць, што трэба нарэшце ўсталяваць такі помнік Цішку Гартнаму, які бы адпавядаў гістарычнай значнасьці гэтай асобы. Учора ў Магілёўскім аблвыканкаме вырашылі, што гэта слушная прапанова. Гаворыць намесьніца старшыні абласной управы культуры Сьвятлана Казлова:
(Казлова: ) “Ня мы гэта ініцыявалі, а творчая інтэлігенцыя Магілёва. Аднак як паказала нарада, гэтыя ініцыятывы падтрымліваюцца. З улікам таго, што гэта першы ў рэспубліцы кіраўнік, і творчы ўнёсак яго далёка немалы”.
Паводле Сьвятланы Казловай, Магілёўскаму гарвыканкаму даручана стварыць групу, якая будзе займацца распрацоўкай эскізаў. Вобраз Цішкі Гартнага паспрабуюць увасобіць у камяні ўдзельнікі гарадзкога пленэру скульптуры. Помнік альбо новы мэмарыяльны знак будзе ўсталяваны ў Пячэрскім лесапарку — месцы, дзе хавалі ўсіх пацыентаў псыхіятрычнага шпіталю. Мяркуецца, што там пахавалі таксама і першага кіраўніка ўраду БССР.