Амбсадары і сталыя прадстаўнікі сваіх краінаў пры АБСЭ зь Фінляндыі, Нарвэгіі, Швэцыі, Ісьляндыі, Літвы, Латвіі, Эстоніі правялі перамовы з супрацоўнікамі МЗС Беларусі, Цэнтарвыбаркаму, прадстаўнікамі апазыцыйных палітычных партыяў, праваабарончых арганізацыяў. Найперш іх цікавіла сытуацыя ў Беларусі перад парлямэнцкімі выбарамі.
Падчас сустрэчы дэлегацыі АБСЭ з апазыцыяй кааліцыя “Пяцёрка плюс” прапанавала правесьці Венскую тэхнічную канфэрэнцыю па Беларусі, якая б канстатавала сытуацыю перад выбарамі й вылучыла рамачныя ўмовы для іх прызнаньня з боку АБСЭ. Гаворыць прадстаўнік кааліцыі “Пяцёрка плюс”, кіраўнік Партыі БНФ Вінцук Вячорка:
(Вячорка: ) “Венскія тэхнічныя канфэрэнцыі з выкарыстаньнем досьведу ўсіх тых структураў і экспэртаў, якія разьбіраюцца ў беларускай праблематыцы, праводзіліся і раней у перадвыбарчы пэрыяд. І яны дапамагалі зрабіць адэкватную ацэнку сытуацыі ў Беларусі з пункту гледжаньня асноўных свабодаў, выбарчага заканадаўства і ўнутрыпалітычнай сытуацыі. І таму было бы абсалютна мэтазгодна і нармальна правесьці такое экспэртнае паседжаньне перад парлямэнцкімі выбарамі, не чакаючы фармальнага пачатку выбарчай кампаніі. Таму што зразумела, што выбарчая дэмакратыя — гэта ня ёсьць сама голая працэдура. Гэта ёсьць кантэкст і перадгісторыя”.
Прапанова “Пяцёркі плюс” палягае ў тым, каб АБСЭ вярнулася да зацьверджаных у 1999 годзе чатырох крытэраў дэмакратычнасьці выбарчага працэсу, якія дагэтуль ня выкананыя беларускімі ўладамі, паведаміў спадар Вячорка. Сябры Сталай рады АБСЭ зафіксавалі гэтыя прапановы беларускай апазыцыі, не выказваючы пакуль сваіх адносінаў да іх. Прадстаўнікі “Пяцёркі плюс” лічаць, што рашэньне пра тэхнічную канфэрэнцыю павінна быць прынятае апэратыўна. Гаворыць лідэр ПКБ Сяргей Калякін:
(Калякін: ) “Я бачу, што тэрміны ўжо сыходзяць. Калі канфэрэнцыя да сярэдзіны чэрвеня не адбудзецца, гэта значыць, да моманту абвяшчэньня выбараў (а я мяркую, што ўказ будзе ў сярэдзіне чэрвеня), то яна далей як бы губляе сваю актуальнасьць. Бо выбарчы працэс ужо пойдзе”.
Сяргей Калякін паведаміў, што прадстаўнікі апазыцыі падчас сустрэчы з дэлегацыяй Сталай рады АБСЭ паставілі пад сумнеў пакрокавую стратэгію арганізацыі ў адносінах зь беларускімі ўладамі, паколькі ні на якія саступкі афіцыйны Менск не ідзе. Тым часам у Цэнтарвыбаркаме Беларусі ідэю правядзеньня Венскай тэхнічнай канфэрэнцыі ўспрынялі без асаблівага энтузіязму. Гаворыць сакратар ЦВК Мікалай Лазавік:
(Лазавік: ) “Справа ў тым, што канкрэтныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў будуць праводзіцца ня ў Вене, ня ў нейкай іншай краіне, а непасрэдна ў Беларусі, таму нам больш мэтазгодна правесьці патрэбныя мерапрыемствы на месцы. Ну а за мяжой складзецца нейкае меркаваньне аб нашай выбарчай сыстэме, ці яно будзе добрае, ці ня вельмі добрае, — што ад гэтага кардынальным чынам зьменіцца”.
Паводле Мікалая Лавзавіка, указ пра прызначэньне парлямэнцкіх выбараў будзе апублікаваны ў сярэдзіне ліпеня. Тады ж беларускія ўлады і будуць разглядаць, ці запрашаць АБСЭ ды іншыя міжнародныя арганізацыі да доўгатэрміновага назіраньня за выбарчай кампаніяй, пра што ў прыватнасьці пыталі сябры Сталай рады АБСЭ, — паведаміў Мікалай Лазавік.