Кіраўніцтва інстытуту і тэхнікуму сёньня зноў спрабавала дасягнуць кампраміснага рашэньня. Аднак высокапастаўленыя чыноўнікі ім заявілі, што загад міністра канчатковы і перагляду не падлягае. Вось што паведаміла ў інтэрвію Радыё Свабода дырэктар тэхнікуму эканомікі і кіраваньня Вера Пясоцкая:
(Пясоцкая: ) “Я сёньня была ў намесьніка прэм’ера Дражына. Загад міністра застаецца ў сіле. Гэта значыць, што дзяцей трэба будзе пераводзіць. Адначасова будзе створаная камісія дзеля праверкі дзейнасьці ліцэнзійнай камісіі адносна таго, як яны абышліся з намі: тры тэхнікумы і адзін інстытут аднаго заснавальніка зачынілі”.
Паводле спадарыні Пясоцкай, тыя навучальныя ўстановы, якія мусяць прыняць іхных студэнтаў, ня маюць дзеля гэтага тэхнічных магчымасьцяў. Аднак яны мусяць гэта зрабіць паводле адмысловага загаду Міністэрства адукацыі. Акрамя таго, узьніклі многія іншыя праблемы, вырашэньне якіх патрабуе шмат часу. Гаворыць выканаўца абавязкаў рэктара Беларускага камэрцыйнага інстытуту кіраваньня Багдан Фрышчын:
(Фрышчын: ) “Да прыкладу, ёсьць прапановы аднаго ВНУ, а студэнты ня хочуць туды ісьці — мы ж ня можам іх накіраваць сілаю. Затым, розныя аплаты — у нас людзі ня так шмат зарабляюць, каб пра гэта ня думаць, гэта ізноў праблема, і такіх дзясяткі. Але самая галоўная нашая задача цяпер — зьнізіць да мінімуму маральныя траўмы і матэрыяльныя страты для студэнтаў у зьвязку з тым, што гэтае закрыцьцё беспаваротнае”.
Тым ня менш, студэнты ВНУ яшчэ спадзяюцца высьветліць прычыну закрыцьця інстытуту і стварылі ініцыятыўную групу, каб адстаяць сваё права навучаньня ў ягоных сьценах. Навучэнцы кажуць, што перавод у іншыя навучальныя ўстановы парушае іхныя правы. Гаворыць студэнтка Беларускага камэрцыйнага інстытуту кіраваньня Юлія Дудзік:
(Дудзік: ) “Нам ня хочацца, каб у нас умовы станавіліся шмат горшыя, бо гэта незаконна пагаршаць нам умовы навучаньня. Нам прапаноўваюць тры камэрцыйныя ўстановы, пры гэтым ніхто не гарантуе, што яны праіснуюць хаця бы год. Бо праз паўгоду мы можам апынуцца ў тым жа становішчы: за адзін дзень на вуліцы”.
Сёньня стала вядома, што студэнты зачыненага Ваўкавыскага тэхнікуму эканомікі й кіраваньня таксама стварылі ініцыятыўную групу, каб ладзіць акцыі пратэсту ў абарону сваёй навучальнай установы.
Гл. таксама
СТУДЭНТЫ ЗАЧЫНЕНЫХ ВНУ ЗЛАДЗІЛІ АКЦЫЮ ПРАТЭСТУ