Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЫМ ВЫКЛІКАНА АКТЫВІЗАЦЫЯ ДЗЕЙНАСЬЦІ КГБ АПОШНІМ ЧАСАМ?


Валер Карбалевіч, Менск

(Валер Карбалевіч: ) “У апошні час дзейнасьць Камітэту дзяржаўнай бясьпекі вылучыла яго амаль у цэнтар палітычнага жыцьця, зрабіла галоўнай крыніцай інфармацыйных паведамленьняў. Спачатку адбыўся гучны скандал з затрымкай Міхаіла Марыніча зь вялікай сумай грошай. Потым быў інцыдэнт з “польскім шпіёнам”. У Горадні КГБ распачало крымінальную справу па факце зьяўленьня ўлетак зь вершамі, у якіх, як лічыць КГБ, зьневажаецца гонар і годнасьць прэзыдэнта. З гэтай нагоды адбыліся ператрусы ў лідэраў прадпрымальніцкага руху.

З чым зьвязаная актывізацыя дзейнасьці КГБ? Вядома, што па выніках апошняй коплекснай праверкі камітэту Саветам бясьпекі было выяўлена шмат недахопаў. І Лукашэнка выказаў шмат папрокаў на адрас КГБ. Не закончана пераатэстацыя кіраўнікоў камітэту, якая праходзіць з арганізацыйнымі высновамі. Як вы лічыце, магчыма з гэтым звязана цяперашняя актыўнасьць КГБ?”

(Людміла Гразнова: ) “Трэба нейкім чынам націснуць на супрацоўнікаў КГБ, каб яны лепш выконвалі патрабаваньні кіраўніка дзяржавы. І такімі сродкамі зьяўляюцца гэтыя праверкі, пераатэстацыі. Але ж гэта не галоўнае. Галоўнае тое, што Лукашэнка рыхтуецца да рэфэрэндуму, і яму трэба стварыць спрыяльнае для сябе інфармацыйнае асяродзьдзе і нэгатыўнае інфармацыйнае поле для апазыцыі. І ў гэтай барацьбе, інфармацыйнай вайне кіраўнік дзяржавы імкнецца паставіць на службу сабе КГБ. З савецкага часу гэта моцная структура. Там ёсьць прафэсіяналы, адукаваныя людзі. Трэба іх запужаць, прымусіць выконваць патрабаваньні Лукашэнкі”.

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Натуральна, гэта зьвязана з папрокамі Лукашэнкі на адрас КГБ. Тая нарада, якая адбылася ў канцы мінулага году, дала пэўны імпульс. Кожны баіцца за сваё крэсла. Таму кіраўніцтва КГБ імкнецца паказаць, што, вось, мы прынялі да ведама папрокі й стараемся. А папрокі там гучалі сур’ёзныя, прычым з намёкам, што будуць значныя кадравыя высновы. Дарэчы, ня так даўно два буйныя чыноўнікі КГБ не прайшлі пераатэстацыю і былі скіраваныя ў адстаўку. І гэтым справа можа ня скончыцца. Мусіць, ня вельмі ўпэўненае становішча кіраўніка КГБ генэрала Ерына.

Разам з тым, гэтыя нарады даюць толькі пэўныя імпульсы. А ўвогуле, тут спрацоўвае лёгіка самой сыстэмы. Таму што сыстэма заснаваная на тым, каб застрашваць грамадзтва, выкараняць усялякую апазыцыю ў шырокім сэнсе: палітычную, духоўную. І ўрэшце, гэта таксама момант такога чорнага піяру, так бы мовіць. Ягоная мэта ў тым, каб паказаць, што паўсюль ворагі, зьнешнія і ўнутраныя, мы жывем у нейкай крэпасьці ў аблозе. І адсюль павінна зьявіцца выснова, што ў нас адзіны выратавальнік. І няхай ён застанецца ва ўладзе і далей. Таму што інакш “капец”.

(Карбалевіч: ) “Зразумела, як любая бюракратычная сыстэма, КГБ імкнецца да самазахаваньня, каб даказаць сваю патрэбнасьць, асабліва ва ўмовах канкурэнцыі зь іншымі спэцслужбамі. Пасьля праверкі Лукашэнка папракаў КГБ, што яно глядзіць скрозь пальцы на фінансаваньне апазыцыі з замежжа.

Але з моманту праверкі прайшло амаль паўгоду. Некалькі месяцаў КГБ было мала чуваць. І вось цяпер выбух актыўнасьці. Магчыма, сапраўды, як вы згадалі, спадарыня Гразнова, гэта зьвязана з пачаткам нейкага важнага палітычнага пэрыяду ў жыцьці краіны, напрыклад, з рэфэрэндумам? Калі гэта сапраўды так, то якія задачы стаяць перад КГБ? Мяркуецца, што рэфэрэндум будзе восеньню, разам з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў. Наперадзе амаль паўгоду. Калі такімі тэмпамі КГБ будзе працаваць і далей, то што ж застанецца ад апазыцыі і грамадзяскай супольнасьці да кастрычніка?”

(Гразнова: ) “Перад гэтай структурай пастаўленая мэта дыскрэдытацыі апазыцыі. Калі папярэднія гады ішоў, магчыма, збор кампрамату, то цяпер яго трэба “зьліць” у тэлевізію. Ставіцца задача забрудзіць усіх, хто ня згодны з рэжымам. Таму затрымліваюць Марыніча, Іваноўскага з Горадні, імкнуццца дыскрэдытаваць апанэнтаў. Будзем чакаць цікавых карцінак на беларускай тэлевізіі”.

(Класкоўскі: ) “Для правядзеньня нейкай акцыі трэба доўга рыхтавацца. Таму, магчыма, прайшло столькі часу ад той памятнай нарады ў Лукашэнкі да ўзмацненьня актыўнасьці КГБ. Вось справа Марыніча. КГБ удалося наскрэсьці матэрыял для тэлевізійнай карцінкі. Нібыта нейкія купюры знайшлі, ці то сапраўдныя, ці то фальшывыя. Паказалі нейкія прызнаньні чалавека, якога сярод ночы зацягнулі ў пастарунак. Але ў масавай сьвядомасьці застанецца гэтая карцінка з далярамі. Гэта і ёсьць той чорны піяр, пра які я ўжо згадваў. У гэтым і ёсьць звышзадача. Згадайце, напрыклад, ранейшую “справу Казуліна”. Абвесьцілі, што скралі 35 кілё золата. Потым усё гэта заціхла. Але чалавека брудам запэцкалі.

Вышэйшае кіраўніцтва ўвесь час падштурхоўвае КГБ да актывізацыі супраць рэальнай і патэнцыйнай апазыцыі. На той згаданай леташняй нарадзе гучалі папрокі такія: быццам бы ў вас пад носам апазыцыя мяшкамі грошы цягае з-за мяжы, а вы сьпіце ў шапку, мышэй ня ловіце.

31 сакавіка ў Берасьці наш найвышэйшы кіраўнік сказаў, што схапілі грошы для апазыцыі, якія везьлі з кур’ерам. Потым парз два-тры дні ў Палаце прадстаўнікоў генэрал Ерын мусіў на дэпутацкі запыт адказваць, вельмі няпэўна, што так, сапраўды, некага мы там, здаецца, злавілі, ці то 100 тысяч даляраў, ці больш знайшлі, цяпер разьбіраемся. Адказ вельмі дзіўны для такой дакладнай службы, якая ўсё ведае. Пакуль аб выніках гэтай справы нячога не чуваць, але шум пайшоў. Я не выключаю, што гэты прапагандысцкі шум наўмысна ствараецца ў зьвязку зь нейкай палітычнай кампаніяй, насустрач якой, напэўна, мы ідзем”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, палітычная матывацыя ў дзейнасьці КГБ відавочная. У якасьці ілюстрацыі можна згадаць гэтую дзіўную справу з так званым “польскім шпіёнам”. Гэта адбылося якраз падчас агульнаэўрапейскага сьвята, зьвязанага з пашырэньнем Эўразьвязу.

Хацеў бы закрануць іншую тэму. У беларускім незалежным друку існуе ўстойлівае меркаваньне, што беларускае КГБ цесна зьвязанае з расейскім ФСБ. Ці сапраўды гэта так? Магчыма, гэта адзін зь мітаў? І як у гэтым пляне можна разглядаць справу Марыніча? Калі зыходзіць з афіцыйнай вэрсіі, то ў яго знайшлі грошы, якія ён вёз для апазыцыі з Расеі. Але гэта магчыма толькі з санкцыі расейскай ФСБ. Цяпер яго затрымаў КГБ. Гэта азначае пачатак вайны КГБ супраць ФСБ ці штосьці іншае?”

(Гразнова: ) “Са справай Марыніча шмат няяснага. Але калі казаць у агульным сэнсе, то я ўпэўнена, што расейскае ФСБ тут актыўна працуе. Таму што Расея мае тут вельмі грунтоўныя інтарэсы. Для Расеі важна не дапусьціць адыходу Беларусі ад Расеі ў кірунку Эўропы”.

(Карбалевіч: ) “Калі па вашай вэрсіі ФСБ моцна працуе ў Беларусі, то яно працуе ў падтрымку Лукашэнкі ці супраць яго?”

(Гразнова: ) “Лукашэнка знаходзіцца пад каўпаком у Расеі. Поле для манэўру ў яго вельмі вузкае”.

(Класкоўскі: ) “Найперш, трэба зрабіць рэмарку, што аб гэтай праблеме можна меркаваць толькі ўскосна. Таму што ў нас, увогуле, сакрэтная дзяржава. А тут справа тычыцца дзейнасьці спэцслужбаў. А гэта азначае сакрэтнасьць у кубе.

Калі казаць шырэй, то мне здаецца, што роля расейскага чыньніку ў беларускім жыцьці перабольшваецца. Існуе вэрсія, што беларускі КГБ амаль што філіял расейскай ФСБ. Я думаю, што на самай справе ўсё выглядае інакш. Тут дзейнічаюць два моцныя чыньнікі. Па-першае, мы добра ведаем характар Лукашэнкі, ягоны, мякка кажучы, недавер да ўсіх. І калі бы ў яго быў цень сур’ёзнага падазрэньня, што вярхушка КГБ працуе на Расею, то гэтая вярхушка на чале зь Ерыным тут бы не працавала.

Па-другое, агульны стан сёньняшніх стасункаў Беларусі з Расеяй. Нагадаем толькі зімовую газавую вайну. Гэтая сытуацыя халоднай вайны распаўсюджваецца і на нябачны фронт. Таму і ў справе Марыніча, і ў іншых гучных палітычных справах ідзе пытаньне аб захаваньні беларускай улады. І кіраўніцтва Беларусі спрабуе вырашыць яго спэцыфічнымі мэтадамі.

Іншая справа, што ў КГБ, напэўна, працуе шмат сумленных прафэсіяналаў, якія ня хочуць вяртаньня ў ранейшыя часы. Гэтак сама, як ня хочуць выкладчыкі вяртацца ў час “Кароткага курсу”. Як ня хочуць дырэктары, згодна дырэктывы №1, вяртацца ў часы андропаўшчыны. Думаю, што сумленныя супрацоўнікі спэцслужбаў ня хочуць вяртацца ў часы Берыі і Цанавы. Але кіраўніцтва краіны імкнецца паставіць КГБ на службу карысьлівым вузкапалітычным мэтам. Але, думаю, да пары жбан ваду носіць”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, чым бы ні была выклікана актывізацыя дзейнасьці КГБ, ва ўмовах сёньняшняга аўтарытарнага рэжыму яе наступствамі можа быць далейшы наступ на свабоду слова, свабоду аб’яднаньняў, свабоду палітычнай дзейнасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG